Яўгену Васьковічу не дазваляюць чытаць Крымінальны кодэкс
Стала вядома, што пасля доўгатэрміновага спаткання Яўгена Васьковіча з яго маці ў магілёўскай калоніі № 15 палітвязню забаранілі ўзяць з сабой у атрад прававую літаратуру. У тым ліку — Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы.

Cпатканне палітвязня і журналіста з яго маці праходзіла 5–6 лютага. Маці Яўгена, Рушанія Іванаўна, акрамя прадуктаў харчавання і адзення, прывезла з сабой у калонію прававую літаратуру, якую раней прасіў Яўген і якую яму перадалі сябры і калегі.
Кнігі гэтыя выдадзеныя ў Рэспубліцы Беларусь, у іх змяшчаецца інфармацыя пра заканадаўства, правы і абавязкі беларускіх грамадзян. У тым ліку тых, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі.
Чаму гэтая літаратура апынулася пад забаронай, супрацоўнікі калоніі не растлумачылі.
Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
Між тым, трэба адзначыць, што грамадзяне Беларусі, якія апынуліся ў зняволенні, не пазбаўляюцца права на атрыманне і захоўванне інфармацыі, якая тычыцца іх законных правоў і інтарэсаў.