Камуністы постсавецкіх краін заяўляюць аб неабходнасці згуртавання патрыятычных сіл
На XXXV з'ездзе Саюза камуністычных партый — КПСС 1 лістапада ў Мінску камуністы постсавецкіх краін заявілі аб неабходнасці згуртавання патрыятычных сіл.
"Прыйшоў час згуртоўваць усе дзяржаўна-патрыятычныя сілы свету, змагацца з фашызмам у адзіночку вельмі складана", — заявіў журналістам лідар КПРФ Генадзь
Зюганаў, каментуючы правядзенне ў Мінску XXXV з'езда СКП-КПСС.
"Сёння фашызм, які зарадзіўся ў Еўропе і які пагражае свету сёння на Украіне, патрабуе кансалідацыі патрыятычных сіл. Сённяшні з'езд паказвае, што мы будзем асноўнай сілай, якой
баяцца ідэолагі фашызму", — сказаў ён.
Зюганаў падкрэсліў, што сённяшні з'езд праходзіць "на гераічнай зямлі братэрскай нам Беларусі". "Сёння мы падвялі вынікі сваёй дзейнасці за апошнія пяць гадоў. За
гэты час наш саюз умацаваўся і стаў, па сутнасці, самай буйной арганізацыяй у свеце", — заявіў расійскі палітык.
Лідар КПРФ паведаміў, што сёння на з'ездзе будзе прынята рэзалюцыя ў падтрымку Украіны. "Мы хочам паказаць сваю згуртаванасць, каб адправіць нацызм, які зараджаецца ва Украіне, у
небыццё", — адзначыў Зюганаў.
На думку лідара ўкраінскай Камуністычнай партыі Пятра Сіманенкі, ва Украіне, як у трыццатыя гады ў Германіі, устаноўлены "нацыянал-дыктатарскі рэжым пры падтрымцы алігархаў". Паводле
яго слоў, украінскі народ па выніках выбараў у Вярхоўную раду, у склад якой не прайшлі камуністы, "упершыню страціў тую сілу, якая абараняе яго інтарэсы".
Кіраўнік Камуністычнай партыі Беларусі Ігар Карпенка заявіў журналістам, што правядзенне юбілейнага з'езда СКП-КПСС у Мінску "гаворыць аб інтарэсе патрыятычных сіл свету да нашай
краіны". "Беларусь не скацілася ў бездань адвольнай прыватызацыі, у нас захавалася вытворчасць, мы не бачым дзікага расслаення даходаў насельніцтва. У нас праводзіцца сацыяльна
арыентаваная палітыка", — падкрэсліў Карпенка.
У з'ездзе ўдзельнічае каля 100 дэлегатаў з паўтара дзясяткаў камуністычных партый постсавецкіх краін. Мінск не выпадкова выбраны месцам правядзення юбілейнага з'езда: менавіта тут
адбыўся першы з'езд РСДРП (Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя).
Прывітанне дэлегатам і гасцям XXXV з'езда Саюза камуністычных партый накіраваў Аляксандр Лукашэнка. "Сёння вашы партыі па-ранейшаму адстойваюць ідэю
сацыялістычнага развіцця, абараняюць правы і інтарэсы простага чалавека, — адзначыў Лукашэнка. — Упэўнены, што вашы намаганні будуць і надалей накіраваны на барацьбу за
справядлівасць і роўнасць магчымасцей, мірнае жыццё, права нацый на самавызначэнне".
Сяргей Каралевіч, БелаПАН