Крама, якая адмовілася ўзяць на працу беларускамоўнага хлопца, просіць прабачэння
Кіраўніцтва кампаніі «Спорт Ф’южн» папрасіла прабачэння «за ганебныя паводзіны і недастатковую кампетэнтнасць свайго супрацоўніка, які перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы».
У лісце ТАА «Спорт Фʼюжн» адзначаецца, што працаўнік будзе прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.
Што адбылося?
Карыстальнік Twitterʼа @bawola_glowa (Jahor Tubielievič) апублікаваў у сваім акаўнце скрыншоты размовы з прадстаўніком крамы «Adidas», што месціцца ў ГЦ «Корона-Замок». З іх вынікае, што хлопца не возьмуць на працу, бо той размаўляе па-беларуску.
«Я не адмаўляўся размаўляць з пакупнікамі па-расейску. Пра гэта ніхто і не пытаўся», – удакладніў у размове з Belsat.eu Jahor Tubielievič.
Кіраўнік рознічнага гандлю афіцыйнага прадстаўніка «Adidas» і «Reebok» у Беларусі паведаміў Belsat.eu, што рашэнне не прымаць на працу беларускамоўных не зʼяўляецца афіцыйнаю пазіцыяй кампаніі.
15 траўня юрыст, грамадскі актывіст і ініцыятар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску!» Ігар Случак напісаў у Менгарвыканкам скаргу на прадстаўніка крамы «Adidas». Паводле юрыста, такія дзеянні працадаўцы могуць парушаць артыку 9.22 «Парушэнне заканадаўства аб мовах» Адміністрацыйнага кодэкса, ствараючы «перашкоду і абмежаванне ў карыстанні дзяржаўнай мовай». Ігар Случак просіць прыцягнуць прадстаўніка крамы да адміністрацыйнай адказнасці.
«Мы ж не ў Еўропе»
16 траўня стала вядома пра яшчэ адзін выпадак некампетэнтнасці працаўнікоў, якія працуюць у сетцы крамаў «Adidas-Reebok». Гэтым разам кліенту, які замовіў сабе абутак, сказалі, што ў краме па вул. Максіма Багдановіча ў Менску ёсць ягоны памер (кліент думаў, што гаворка ідзе пра «еўрапейскі стандарт» памераў). На месцы высветлілася, што гаворка ішла пра «расейскую» сістэму памераў. На абурэнне кліента прадстаўнік крамы адрэагаваў фразай: «мы ж не ў Еўропе».
Паводле belsat.eu