Круглы стол аб беларусізацыі заканадаўства пройдзе ў Палаце прадстаўнікоў
5 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў адбудзецца круглы стол аб беларусізацыі заканадаўства. Інфармацыю пра гэта "Радыё Свабодзе" 30 сакавіка пацвердзілі ў прэсавай службе ніжняй палаты Нацыянальнага сходу Беларусі
Пацвердзіла гэтыя звесткі і дэпутатка Алена Анісім, якая год змагаецца за тое, каб законы ў краіне прымаліся адначасова на дзвюх дзяржаўных мовах.
Анісім: месца круглага стала абралі невыпадкова
Праводзіць круглы стол парламенцкая камісія па адукацыі, культуры і навуцы. Ініцыявала яго Алена Анісім, а старшыня камісіі Ігар Марзалюк яе падтрымаў. Афіцыйна тэма для дыскусіі гучыць так: «Заканадаўства на беларускай мове: праблемы і іх практычнае вырашэнне на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».
Алена Анісім задаволеная тым, што абмеркаванне пройдзе менавіта ў Палаце прадстаўнікоў.
«Важна сабраць шырокую аўдыторыю. Мы запрасілі акадэміка Аляксандра Лукашанца, былога старшыню Канстытуцыйнага суду, а цяпер прафесара БДУ Рыгора Васілевіча, экс-дэпутата і былога старшыню Таварыства беларускай мовы Алега Трусава, прадстаўнікоў Нацыянальнага цэнтру заканадаўчых і прававых даследаванняў, супрацоўнікаў міністэрстваў. Прыйдуць і дзейныя дэпутаты з розных камісіяў», — сказала яна Свабодзе.
Паводле дэпутаткі, пакуль няма згоды толькі па запрашэнні на круглы стол кагосьці з тых, хто перакладаў на беларускую мову Грамадзянскі кодэкс і закон «Аб нарматыўна-прававых актах».
«Я спрабавала іх запрасіць. Але пакуль паразумення няма. Таму сёння яшчэ не магу дакладна сказаць, будзе хтосьці з іх на дыскусіі альбо не», — сказала дэпутатка.
Беларусізацыя заканадаўства праз юрыдычны прэцэдэнт
Анісім спрабуе стварыць у Палаце прадстаўнікоў юрыдычны прэцэдэнт: прыняць закон аб нарматыўна-прававых актах адначасова і на беларускай, і на рускай мове.
Адсутнасць усіх законаў на беларускай мове — прамое парушэнне Канстытуцыі і немагчымасць грамадзянам абараніць свае правы ў судовым парадку на падставе юрыдычна правамоцных законаў, лічыць Анісім. А паколькі законаў на беларускай мове няма, то пераклады іх ня маюць юрыдычнай сілы. Дэпутатка тлумачыць, што гаворка вядзецца пра базавы закон, які рэгулюе «ўсё заканадаўства, усе прававыя акты».
«Пасля прыняцця Закону аб нарматыўна-прававых актах можна будзе гаварыць, што механізм прыняцця законаў на дзвюх мовах гатовы да запуску. Наша задача — вярнуць Беларусь у прававое поле ў справе прыняцця законаў», — кажа яна.