Лукашэнка: Беларусь заслужыла чэмпіянат свету па веласпорце
Беларусь па праве заслужыла правядзенне чэмпіянату свету па веласпорце. Пра гэта заявіў 20 лютага прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі адкрыцця спартыўнага турніру. Паводле яго слоў, веласпорт у Беларусі становіцца ўсё больш масавым і папулярным. У цяперашні час у краіне веласпортам займаецца амаль 3,5 тыс. чалавек.
У 33 аддзяленнях дзіцяча-юнацкіх спартовых школ працуе 176 трэнераў-выкладчыкаў. У вучэльнях алімпійскага рэзерву навучаецца 129 чалавек.
У Мінску пабудаваны ўнікальны спартыўны комплекс, які дазваляе праводзіць спаборніцтвы на самым высокім узроўні па розных відах спорту. Імёны славутых беларускіх раварыстаў — алімпійскіх
чэмпіёнаў Уладзіміра Камінскага, Алега Логвінава, васьміразовай чэмпіёнкі свету Наталлі Цылінскай, пераможцы "Тур дэ Франс" Зінаіды Стагурскай — шырока вядомыя ва ўсім
свеце.
"Мы прыклалі максімум намаганняў для арганізацыі гэтага чэмпіянату", — сказаў прэзідэнт, паведамляе яго прэс-служба.
"У Беларусі вельмі цэняць тое, што Міжнародны саюз веласіпедыстаў абраў месцам правядзення чэмпіянату свету Мінск, аддаўшы перавагу нашай краіне сярод мноства прэтэндэнтаў",
— падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падзякаваў прэзідэнту UCI Пэту Макуэйду і яго калегам за такі давер і павагу да Беларусі, яе спартовых дасягненняў. "Мы гэта заслужылі па праву", — лічыць кіраўнік
беларускай дзяржавы.
"Цяперашні чэмпіянат не проста чарговае спаборніцтва. Яго асаблівасць заключаецца ў тым, што ён адкрывае новы цыкл падрыхтоўкі спартоўцаў да наступных летніх Алімпійскіх гульняў",
— адзначыў прэзідэнт.
"Перакананы, мінскі сусветны чэмпіянат стане стартавай пляцоўкай для новай плеяды веласіпедыстаў, будучых зорак, якія загарацца на Алімпіядзе ў Бразіліі. Менавіта ў гэтым арыгінальнасць і
адмысловае прызначэнне нашага мінскага чэмпіянату", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"У гэтыя дні ў лютаўскі заснежаны Мінск прыбылі знакамітыя спартсмэны з усіх кантынентаў планеты. Легендарныя каманды з гарачай Аўстраліі і краін Лацінскай Амерыкі, далёкіх Новай Зеландыі,
Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Японіі і іншых. Мы вітаем спартсмэнаў з брацкіх Расіі і Кітая. На мінскім велатрэку сваё майстэрства прадэманструюць знакамітыя атлеты Еўропы", —
сказаў Лукашэнка.
"Сёння тут, у Мінску, мы становімся ўдзельнікамі знамянальнай падзеі, якой прызначана ўвайсці ў гісторыю сусветнага спорту", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка: дні чэмпіянату стануць сапраўдным святам
"У нас тут досыць і лёду. Дарэчы, калі трэба размяцца, проста пацешыцца, мы дамо вам лёд, абсалютна бясплатна", — сказаў прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў і гасцей
спаборніцтваў.
"Спадзяюся, дні чэмпіянату для вас стануць сапраўдным святам. Вядома, спартоўцам трэба сур'ёзна нагрузіцца, каласальнае напружанне. Наматаў сам на гэтым палатне сотні кіламетраў,
вельмі добра ведаю, якая гэта шалёная праца і якая сапраўдная цана перамогі", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу прэзідэнт Міжнароднага саюза раварыстаў Пэт Макуэйд, выступаючы на цырымоніі адкрыцця, з задавальненнем адзначыў, што цяперашні чэмпіянат свету па веласпорце будзе праходзіць на
веладроме «Мінск-Арэны». Ён звярнуў увагу на высокі ўзровень беларускіх спартсмэнаў-веласіпедыстаў. "Спаборніцтвы абяцаюць быць цудоўнымі і напружанымі", —
сказаў Пэт Макуэйд.
Усяго на мінскім чэмпіянаце свету будзе разыграна 19 камплектаў узнагарод (10 у мужчын і 9 у жанчын). Беларусь выставіць 11 спартоўцаў. Чэмпіянат свету будзе доўжыцца да 24 лютага.
Гэта першы чэмпіянат свету па велатрэку ў новым алімпійскім цыкле. Міжнародны саюз веласіпеднага спорту (UCI) прыняў рашэнне аб правядзенні чэмпіянату свету па веласпорце на трэку 2013 года ў
беларускай сталіцы на пасяджэнні кіруючай рады ў Бельгіі ў студзені 2012 года. Спецыялісты UCI і прадстаўнікі амаль 100 краін свету, якія ўзялі ўдзел у галасаванні, высока ацанілі поспехі Беларусі ў
развіцці веласпорту і выдатныя дасягненні беларускіх велагоншчыкаў, падтрымку з боку дзяржавы і створаныя ў нашай краіне ўмовы для правядзення топавых спартыўных турніраў.