Мар'яна Шчоткіна: У Беларусі сістэматызуюць абавязкі афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных
У Беларусі будуць сістэматызаваны абавязкі афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных. Аб гэтым заявіла 5 красавіка ў праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"З'явіцца артыкул (у законе аб занятасці насельніцтва), які сістэматызуе ўсе абавязкі беспрацоўнага, будуць узмоцнены падыходы да таго, як беспрацоўны праяўляе зацікаўленасць у працаўладкаванні. Напрыклад, калі чалавек не будзе з'яўляцца ў службу занятасці на працягу 2 месяцаў або ён накіраваны на прафесійнае навучанне за кошт сродкаў дзяржавы, але парушае парадак навучання, правілы, якія ёсць, або не наведвае заняткі, ён будзе зняты з рэгістрацыі. І зможа звярнуцца не раней як праз год", — растлумачыла Мар'яна Шчоткіна.
Паводле яе слоў, таксама будзе скарочаны перыяд, на працягу якога грамадзянін можа быць афіцыйна зарэгістраваны ў якасці беспрацоўнага. "На працягу года рэгістрацыя ў якасці беспрацоўнага
— гэтага дастаткова", — адзначыла міністр.
Акрамя таго, плануецца скараціць тэрмін, на працягу якога наймальнік абавязаны паведаміць аб наяўнасці вакансіі. "14 дзён, на працягу якіх цяпер наймальнік абавязаны паведамляць аб
вакансіі, — гэта шмат, таму, напэўна, будзе добра, калі гэтыя тэрміны будуць скарочаны. Гэта будзе добра для людзей, якія маюць патрэбу ў рабоце. Мы разглядаем варыянт — на працягу
5 дзён", — сказала Мар'яна Шчоткіна.