Мехрдаду Джамшыдыяну шукаюць краіну, якая пагодзіцца яго прыняць

«Асаблівых навін няма. Размаўлялі з некалькімі амбасадамі, яны не гатовыя прыняць. Шукаем далей», —паведаміла БелаПАН каардынатар кірунку па працы з замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства арганізацыі Human Constanta Эніра Браніцкая.

Здымак Вадзіма Заміроўскага, tut.by

Здымак Вадзіма Заміроўскага, tut.by


Паводле яе слоў, Джамшыдыян атрымаў рэгістрацыю, якая павінна працягвацца кожны месяц да моманту выезду з краіны.
30 мая ў гутарцы з журналістамі начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун пацвердзіў, што іранец па-ранейшаму знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. «Тут ён пакуль», — сказаў прадстаўнік ведамства.
Джамшыдыян 14 мая выйшаў на волю пасля 11 месяцаў знаходжання ў СІЗА, але на працягу трох месяцаў павінен пакінуць Беларусь па рашэнні аддзела па грамадзянстве і міграцыі Маскоўскага раёна Мінска.
«Ні суд, ні аддзел па грамадзянстве і міграцыі не ўлічвае некалькі важных акалічнасцяў — права на сям'ю, цесныя сувязі Мехрдада з Беларуссю, праблемы са здароўем як Мехрдада, так і яго жонкі, а таксама адсутнасць матэрыяльнай і юрыдычнай магчымасці пераехаць у іншую краіну, — падкрэслівалі праваабаронцы Human Constanta. — Мехрдад з сям'ёй пражывае ў Беларусі амаль 25 гадоў, усё жыццё яго і яго сям'і звязаная з Беларуссю, і ні з адной іншай краінай у яго няма такіх цесных сувязяў. За час пакуль ён знаходзіўся ў зняволенні, у яго здарыўся інфаркт, а яго жонка перажыла аперацыю з-за анкалагічнага захворвання. Ім абодвум патрабуецца спакойнае лячэнне. Сям'ю забяспечваюць дзве дачкі, і ў іх проста няма фінансавай магчымасці пераехаць у іншае месца».
У паведамленні Human Constanta адзначалася, што просьбы ў адрас прадстаўніцтваў замежных краін прыняць іранца не былі задаволеныя.
«Таксама разам мы сабралі 1276 подпісаў і звярнуліся з петыцыяй да прэзідэнта Беларусі. Сваім рашэннем ён мог бы адмяніць рашэнне аб дэпартацыі і даць Мехрдаду статус бежанца, але пакуль не атрымалі ніякага адказу», — падкрэслівалася ў рэлізе.
Мехрдад Джамшыдыян прыехаў у Беларусь у 1993 годзе, заняўся бізнэсам, ажаніўся на беларусцы. У яго сям'і трое дзяцей, усе яны грамадзяне Беларусі. У Іране Джамшыдыяна абвінавачваюць у забойстве маці і брата, якое было здзейснена ў канцы жніўня 2012 года, калі Джамшыдыян знаходзіўся ў Беларусі. Ён адмаўляе віну.
У выпадку дэпартацыі з Беларусі Джамшыдыяну пагражае смяротнае пакаранне па абвінавачванні ў забойстве, растлумачылі праваабаронцы. Акрамя таго, іранец змяніў веру, стаў хрысціянінам, а згодна з іранскім законах вераадступніцтва таксама караецца смерцю.
З 2012 года Джамшыдыяна некалькі разоў затрымлівалі беларускія ўлады для экстрадыцыі ў Іран. Сем гадоў таму Генеральная пракуратура адмовіла ў яго выдачы, так як іранскі бок не даў неабходныя дакументы.
У 2016 годзе іранец быў пазбаўлены віду на жыхарства. З тых часоў у яго няма легальнага статусу ў краіне, паколькі скончыўся тэрмін дзеяння іранскага пашпарта. Іран адмаўляецца выдаць Джамшыдыяну новыя дакументы, таму ён не можа падаць заяву на атрыманне дазволу на пражыванне ў Беларусі. Джамшыдыян звяртаўся за статусам бежанца, але Беларусь яму адмовіла.
У чэрвені 2018 года Джамшыдыян ў чарговы раз быў затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання для высвятлення асобы (стандартная працэдура для замежнікаў без дзеючых дакументаў).
Рашэнне аб дэпартацыі іранца было прынятае 7 сакавіка гэтага года і ўручана яму 15 сакавіка. Яно было абскарджана адвакатам Джамшыдыяна.
Паводле naviny.by