Міністэрства інфармацыі разблакавала IP-адрас 139.162.166.31

Актывісты лічаць, што вычарпалі ўсе пазасудовыя сродкі ўплыву на ўладу, таму плануюць бліжэйшым часам падаваць у суд.



ministerstva_infarmacyi_razbljakavala_ip_adras_139.162.166.31.png

13 ліпеня загадам Міністра інфармацыі №326 унесеныя змены ў першапачатковы загад №150 ад 15 траўня 2018 года.

zahad_2.jpg


Загад прадугледжвае аднаўленне доступу да ўсіх іншых вебсайтаў, змешчаных на згаданым серверы, акрамя сайту кампаніі Legalize Belarus (legalize.by), які застаецца заблекаваным.

Па тлумачэнні прычынаў яго блакавання Мінінфармацыі дасылае ў МУС, якое ў апошнім адказе на скаргу актывістаў адказала наступным чынам:

«Лічым, што апавяшчэнне пра неабходнасць абмежавання доступу да інфармацыйнага рэсурсу legalize.by намі вынесена абгрунтавана».

Актывісты, у сваю чаргу, лічаць, што вычарпалі ўсе пазасудовыя сродкі ўплыву на ўладу і неўзабаве будуць падаваць у суд.

Паводле прэс-службы "Дзея"