Мінскія ўлады забаранілі публічнае чытанне Бібліі ў парку

Мінскі гарвыканкам забараніў правядзенне 20 лістапада ў парку імя Максіма Горкага публічнае чытанне Бібліі.



bible.jpg

Такі адказ гарадскіх уладаў за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама, першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Ігара Карпенка атрымаў ініцыятар акцыі, юрысконсульт царквы хрысціян Поўнага Евангелля «Новае Жыццё» Сяргей Луканін, піша «Крыніца.info».

Мэтай мерапрыемства была названая папулярызацыя тэкстаў Святога Пісання, хрысціянскіх каштоўнасцяў. «Дадзенае мерапрыемства не будзе з’яўляцца набажэнствам, не нясе мэтай адпраўленне рэлігійных абрадаў, здзяйсненне рэлігійных рытуалаў і цырымоній», — адзначалася ў заяве.

Тым не менш, намеснік старшыні гарвыканкама і першы сакратар ЦК КПБ адказаў, што ў Беларусі «набажэнствы, рэлігійныя абрады, рытуалы і цырымоніі бесперашкодна праводзяцца ў культавых будынках, збудаваннях і на якія адносяцца да іх тэрыторыях, у іншых месцах, прадастаўленых рэлігійным арганізацыям для гэтых мэтаў, у месцах паломніцтва, на могілках і ў крэматорыях».

«На падставе выкладзенага Мінскі гарвыканкам не дазваляе правядзення названага мерапрыемства на тэрыторыі Цэнтральнага дзіцячага парку імя Горкага», — адзначыў Ігар Карпенка.

У выпадку немагчымасці правядзення мерапрыемства ў паказаным месцы ў паказаны час, Сяргей Луканін прасіў паведаміць іншае месца і час, дзе ён мог бы ў Мінску праводзіць аналагічнае мерапрыемства. На гэта галоўны камуніст Беларусі яму адказаў, што «вызначэнне даты, часу і месца правядзення масавага мерапрыемства» з'яўляецца абавязкам заяўніка, а таму просьба юрысконсульта «Новага Жыцця» «з'яўляецца неабгрунтаванай».