Мужчыну асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі» за абразу Чамаданавай
Вынесены прысуд 45-гадоваму інжынеру Віктару Лебедзеву, якога прызналі вінаватым паводле арт. 369 КК. і асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі», паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
Мужчына пакінуў у Telegram каментар, які «ўтрымліваў негатыўную ацэнку Вольгі Чамаданавай і меў ненарматыўную і нецэнзурную форму моўнага выказвання».
На судзе Чамаданава распавяла, што ўспрыняла каментар як абразу, адчула стрэс і маральныя пакуты, таму што каментары таксама чытаюць яе блізкія — у першую чаргу, гэта датычыцца бацькоў і дачкі.
Жанчына таксама заявіла пазоў на суму ў 3 тысячы рублёў і пагадзілася на тое, каб яны былі выдадзеныя наяўнымі пад распіску. На наступным пасяджэнні пазоў быў задаволены ў поўным аб'ёме.
Нядаўна Вольга Чамаданава звольнілася з пасады прэс-сакратаркі МУС Беларусі і цяпер узначаліць галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы і па справах моладзі Мінгарвыканкама.