Мытня растлумачыла, чаму такія чэргі на мяжы з Літвой і Латвіяй
Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі растлумачыў прычыны чэргаў на мяжы з Літвой і Латвіяй, паведамляе "Радыё Свабода".
Тлумачыцца гэта нерытмічным прыёмам транспартных сродкаў сумежным бокам, правядзеннем рамонтных работ у пунктах пропуску, а таксама збоямі ў працы інфармацыйных сістэм у пунктах пропуску суседніх дзяржаваў.
У апошні час назіраецца істотны рост таваратранспартных патокаў праз беларускую мяжу. Чэргі транспартных сродкаў на ўезд у Літву і Латвію пачалі ўтварацца яшчэ з пачатку гэтага тыдня.
Літоўскі бок напярэдадні выходных на працягу дня ўвогуле не прымаў транспартныя сродкі з-за непаладак у падачы электраэнергіі.
Што тычыцца латвійскага напрамку, на працягу трох дзён — з 24 па 26 красавіка — у пункце пропуску «Урбаны» праводзіліся работы па пракладцы інжынерных сетак, у сувязі з чым часова спынялася афармленне аўтамабіляў, і транспартныя патокі перанакіроўваліся ў пункт пропуску «Грыгараўшчына».
Узрасла і агульная колькасць транспартных сродкаў, якія ўязджаюць у Беларусь. Сёлета ў красавіку ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года паток грузавых аўтамабіляў, якія ўязджаюць у Беларусь, павялічыўся ў сярэднім на 18-20%, а легкавых — на 50%.
Толькі за апошні тыдзень мытнікамі аформлена каля 45 тысяч грузавых і 125 тысяч легкавых аўтамабіляў». Транспартныя сродкі, аформленыя беларускім бокам, чакаюць уезду ў сумежныя краіны ў сярэднім 2–3 гадзіны, паведамляе БЕЛТА.
Як паведамляе сайт Дзяржаўнага памежнага камітэта, на 11 гадзін 30 красавіка ў пункту «Грыгыраўшчына» і «Урбаны» ў чарзе на выезд з Беларусі стаяла больш за 270 аўтамабіляў, у «Каменным Логу» — 560 грузавых аўтамабіляў.