Літва ўручыла Беларусі ноту праз меркаваны пажар на БелАЭС
Амбасадар Беларусі ў Літве Аляксандр Кароль быў выкліканы ў літоўскае Міністэрства замежных справаў, атрымаў ноту ў сувязі з паведамленнямі пра пажар на будоўлі Астравецкай АЭС, паведамляе "Радыё Свабода".
Літва прасіла як мага хутчэй перадаць падрабязную інфармацыю пра здарэнне 17 лютага, пра якое не праінфармавалі своечасова ні грамадскасць, ні кампетэнтныя органы Літвы. Літоўскі бок заклікаў таксама падрабязна расследаваць інцыдэнт і магчымыя наступствы.
Паводле звестак астравецкага актывіста Мікалая Уласевіча, быў вялікі пажар у шчытавым памяшканні, згарэла дарагое абсталяванне. Але паводле версіі прэс-службы БелАЭС, было толькі кароткае замыканне, якое не прывяло да пажару.
Літоўскі бок сцвярджае, што ведае ўжо пра шэсць інцыдэнтаў на будоўлі БелАЭС, «якія выклікаюць сур’ёзныя сумневы ў якасці праекту».
* * *
Улады і чыноўнікі Беларусі няспешна рэагуюць на паведамленні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэнні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасля таго, як звесткі пра іх з’яўляюцца ў СМІ — так, пра падзенне корпуса рэактара расказалі толькі пасля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы збіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС), новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджанняў не выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз. У той жа час беларускія чыноўнікі настойліва патрабавалі ад Літвы тлумачэнняў па афіцыйных звестках аб здарэннях на закрыцці Ігналінскай АЭС.