Напярэдадні свята Божага Нараджэння адбыўся рэйд у пратэстанцкай царкве: канфіскаваныя Бібліі
2 снежня, падчас ранішняга нядзельнага набажэнства, у дом малітвы царквы Міжнароднай рады цэркваў Евангельскіх хрысціян-баптыстаў Гомеля па вуліцы Бакуніна, 147, увайшлі каля 10 супрацоўнікаў міліцыі, чалавек у цывільным і 2 панятых.
Супрацоўнікі міліцыі вялі відэаздымку, а затым запатрабавалі спыніць набажэнства. Адзін з іх перашкаджаў агульнай малітве.
Пасля набажэнства ўсіх перапісалі, некаторых вернікаў дапыталі. На лідараў царквы Аляксандра Залатарова (прэсвітар), Андрэя Тупальскага (дыякан) і Алега Данілеўскага (прапаведаваў на набажэнстве) склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, абвінаваціўшы іх у арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, паведаміў у сваім Facebook сябар Нацыянальнай Рады аргкамітэту БХД Аляксей Шэін.
Акрамя таго канфіскавалі Біблію. Копіі пратаколаў і акту аб канфіскацыі Бібліі вернікам не выдалі. Кіраваў усім намеснік начальніка Аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Савецкага РАУС Гомеля Міхаіл Язепенка.
Царква просіць маліцца і хадайнічаць аб тым, каб органы ўлады не парушалі мірныя набажэнствы хрысціян, спынілі пераследаваць вернікаў за іх рэлігійныя перакананні.