«Не думаю, што ў Лукашэнкі можа прачнуцца сумленне ці спачуванне». Маці лекара Арцёма Сарокіна пра справу сына

Працэс над лекарам бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі анестэзіёлагам-рэаніматолагам Арцёмам Сарокіным і журналісткай TUT.BY Кацярынай Барысевіч пачнецца 19 лютага ў Маскоўскім судзе Мінску. Маці палітвязня Арцёма Сарокіна — Галіна Канстанцінаўна — расказвае «Свабодзе» пра сына і сваё стаўленне да гэтай справы.



60ee7555_a4d0_44e7_86ea_11bda30a834f_w1023_r1_s_1.webp

Працаваў лекарам 10 гадоў

Вось што расказвае Галіна Канстанцінаўна, маці палітвязня Арцёма Сарокіна. Яна жыве ў Марʼінай Горцы і 40 гадоў адпрацавала акушэрам-гінеколагам.

«Была вельмі кранутая, калі ў дзень салідарнасці ў Берліне на акцыі людзі трымалі плякат з партрэтам Арцёма і надпісам „Свабоду доктару Арцёму Сарокіну! Свабоду Беларусі!“ Яны патрабуюць вызваліць Арцёма, скандуюць „Жыве Беларусь!“. Я была ўражана, гэта ж іншая краіна, — кажа Галіна. — У Мар’інай Горцы нас многія людзі падтрымліваюць, выказваюць сваю салідарнасць. Калі ідзем па вуліцы, не кажуць, што ідуць бацькі арыштаванага. Усе спачуваюць, многія дзякуюць, што ў нас такі сынок».

Арцём Сарокін скончыў Мінскі медыцынскі ўніверсітэт, працаваў у лякарні ў Мар’інай Горцы загадчыкам аддзялення рэанімацыі. Пасля перайшоў у Чэрвеньскую бальніцу, а пяць гадоў таму ўладкаваўся ў мінскую бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі.

Арцём Сарокін — лекар вышэйшай катэгорыі. У зняволенні яму споўнілася 37 гадоў.

 

Што вядома пра суд?

Бацькі Арцёма не ведаюць, які будзе суд над сынам — адкрыты ці закрыты, каго туды пусцяць.

«Мы нічога не ведаем, якія там сведкі. Я думаю, што адвакаты там асаблівай ролі граць не будуць. Калі ёсць рашэнне, на якое ўплывае Лукашэнка, то ніякі адвакат нічога там не зробіць, — кажа Галіна Сарокіна. — Хоць каштуюць яны вельмі дорага. Адміністрацыя бальніцы, дзе працаваў Арцём, адмовілася даць адваката, хоць калегі аб гэтым прасілі».

Адвакат не можа паведаміць сваякам абставіны справы, бо ён пад падпіскай аб неразгалошванні.

«Мы ўсе чакаем, вельмі хвалюемся. У мяне нават нейкі стан нервовага напружання, калі мы даведаліся дату гэтага суду. Збіраемся ў суд, але ж нехта павінен застацца з дзецьмі, відаць, мне давядзецца. А старэйшы сын, пляменнік і муж збіраюцца паехаць», — кажа Галіна Канстанцінаўна.

Падчас следства бацькоў Арцёма Сарокіна не дапытвалі, вобшук быў толькі ў доме Арцёма.

«Нявестка не паспела прыехаць з працы, і тут жа прыйшлі з вобшукам. Гэта была такая ганьба, прывялі панятога, якога ўчастковы прыкаваў да сябе кайданкамі, нейкага бяздомнага, не ведаю, адкуль яны яго ўзялі», — расказвае маці доктара.

 

Пра даследаванне BYPOL

Ініцыятыва BYPOL правяла сваё расследаванне па факце збіцця і смерці Рамана Бандарэнкі. Там сцвярджаецца, што Раман пры паступленні ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі быў цвярозы.

«Так, і сын таксама так казаў, што Раман быў цвярозы. Але ж „бацька“ сказаў, што быў пʼяны, і ўзяў гэтую сітуацыю на кантроль. Таму я думаю, што суд будзе слухаць „бацьку“, — кажа Галіна Сарокіна. — Усё, што зрабіў мой Арцём і як ён сябе паводзіў, вельмі справядліва. Ён тады прыехаў з дзяжурства, зайшоў да нас. Я заўсёды ў яго пытаюся: „Сынок, як у цябе дзяжурства?“. І ён расказваў са слязьмі на вачах, мы ж яшчэ нічога не ведалі, проста расказваў, што паступіў такі пацыент, які ён быў збіты, як у яго з праламанага чэрапа выступаў ацечны мозг і яны ўсю ноч аперыравалі, імкнуліся выратаваць. Я з першага слова паверыла ва ўсё, што Арцём сказаў».

Галіна Сарокіна звяртае ўвагу на неабходнасць даследаваць розныя дакументы.

«Тое, што яны казалі ў тэлефільме (маецца на ўвазе сюжэт Рыгора Азаронка на тэлеканале СТБ. — РС), што знайшлі ў мачы нейкія сляды алкаголю, гэта сведчыць, што ён некалі, магчыма, месяц таму, ужываў, і гэта ўсё можа застацца ў мачы. Але праўдзівы аналіз толькі па крыві. І калі пры паступленні было нуль праміле алкаголю, то пра што яшчэ можа быць гаворка? Але як ім пайсці супраць Лукашэнкі? Я не ведаю, як яны могуць пайсці», — кажа маці доктара.

Паводле крыніцаў BYPOL, дагэтуль не знойдзена зніклая медыка-крыміналістычная экспертыза, якая ўстанаўлівае механізм прычынення цялесных пашкоджанняў, нанесеных Раману Бандарэнку.

«Я думаю, што гэта замова. Такія важныя дакументы не могуць знікнуць проста так. Я думаю, што вынікі МРТ таксама павінны быць, бо пры паступленні рабілі МРТ. Што там бачна? Там могуць быць сляды ад траўмы, якую нанеслі Раману, чым наносілі гэтую траўму, — кажа Галіна Сарокіна. — Адкуль знік гэты дакумент, з кампутара ці яшчэ адкуль? Такія дакументы павінны захоўвацца амаль вечна, як многія крымінальныя гісторыі захоўваюцца 75 гадоў. І там гэта ў іх знікла. Гэта ж салідная ўстанова, як гэта ў іх магло знікнуць?».

Галіна Сарокіна, якая адпрацавала 40 гадоў лекарам, не можа ўспомніць ніводнага выпадку, каб з прычыны выдавання ўрачэбнай таямніцы заводзілі справу.

«Аўчынка не варта вычынкі. Што значыць урачэбная таямніца? Гэта таямніца, якая абараняе інтарэсы хворага чалавека і яго блізкіх. Ну якія тут інтарэсы Ромы і блізкіх, маці ягонай? Маці нічога не мела супраць. Але якія да гэтай урачэбнай таямніцы мае адносіны кіраўнік дзяржавы? Ніякіх, — кажа Галіна Сарокіна. — Бывае на працы, што недзе чалавек раскрыў гэтую таямніцу. Ну, адміністрацыйнае пакаранне, нейкая заўвага на працы, але ніякая не судовая справа. Яны там раздзьмулі, што гэта ўрачэбная таямніца, маўляў, пацягнула за сабой актыўнасць грамадства. Яны што хочуць, тое і прыдумляюць. За свае 40 гадоў я ніколі не чула, каб нейкі доктар быў пакараны за разгалошванне ўрачэбнай таямніцы. Хоць гэтыя таямніцы бясконца выдаюцца. Паглядзіце, колькі перамывалі косці Джыгарханяну, і што? І ёсць многа іншых таямніц, пра якія гавораць».

Маці Рамана Бандарэнкі не выказвала ніякіх прэтэнзій да Арцёма Сарокіна.

«Вы ўявіце, жанчына, якая мае адно дзіця, і яна яго страціла, і яго яшчэ горш хочуць ачарніць, яшчэ зрабіць алкаголікам. Як такое магчыма? Гэта нонсенс, — кажа Галіна Сарокіна. — За што Кацярыну Барысевіч судзіць? За тое, што яна напісала фразу? За што іх наогул судзіць? Я не думаю, што ў Лукашэнкі можа прачнуцца сумленне ці спачуванне. Адна надзея ў нас — на перамены».

 

Што вядома пра сям’ю Сарокіных

Муж Галіны Сарокінай Аляксандар — настаўнік. Старэйшы сын скончыў радыётэхнічны ўніверсітэт, працуе інжынерам, нявестка таксама інжынер. Жонка Арцёма Наталля — доктар.

 

Лекар Арцём Сарокін з сям'ёй. 2018 год.

Лекар Арцём Сарокін з сям'ёй. 2018 год.

«У нас добрая сям’я, усе самастойныя, мэтанакіраваныя. Нашай нявестцы цяпер вельмі складана, бо трое дзетак, і школа, і трэніроўкі, усё яна, бедненькая, матаецца на гэтай машыне туды-сюды, цэлы дзень у раз’ездах, — кажа Галіна Сарокіна. — Калегі да нас добра ставяцца, дапамагаюць і дзетак наведваюць, прыязджаюць да Наталлі. Я перахварэла на ковід, дапамагалі калегі».

Старэйшы сын Арцёма Сарокіна Міша ходзіць у трэці клас. У інтэрнэце ён знайшоў турму, у якой сядзіць тата.

«Паклікаў мяне, паказвае, вось выгляд зверху, паглядзі, якая вялізная турма. Ён ужо вялікі хлопчык і, канечне, усё разумее. І той, які ходзіць у першы клас, усё разумее. Яны ведаюць, дзе іх тата, пішуць яму лісты, малююць нешта. Ну, а маленькай толькі тры гады. Мы ёй кажам, што тата ў камандзіроўцы, — кажа Галіна Сарокіна. — Мы хочам, каб наш сын хутчэй быў дома, мы па ім вельмі засумавалі. Усе мары — толькі пра сустрэчу».