Рух Салідарнасці «Разам»: «Не дамо ператварыць Беларусь у канцлагер!»
Рух Салідарнасці «Разам» выступіў з заявай адносна палітычных падзей у Беларусі і правядзення УНС.
На працягу паўгода па заканчэнні выбарчага фарса ў Беларусі адбываюцца масавыя народныя пратэсты.
Рух Салідарнасці “Разам” шчыра спачувае родным і блізкім забітых лукашысцкімі карнікамі беларусаў, салідарны з ўсімі беларусамі, якія былі незаконна затрыманыя, зняволеныя і катаваныя, цалкам падтрымлівае народныя пратэсты і падзяляе іхнія асноўныя мэты: адстаўку Лукашэнкі і правядзенне выбараў, вызваленне ўсіх палітвязняў, узбуджэнне крымінальных справаў супраць карнікаў існуючага рэжыма.
Увесь свет мог пераканацца ў мужнасці беларусаў. Адначасна беларусам усё відавочней, што сённяшні лукашэнкаўскі рэжым і яго сілавыя структуры робяцца чыста бандыцкімі і дэманстратыўна грэбуюць беларускім заканадаўствам. Улада трымаецца толькі на рэпрэсіях і на падтрымцы Масквы. Крэмль па-ранейшаму распрацоўвае планы “глыбокай інтэграцыі”, у першую чаргу – праз незаконную “Саюзную дзяржаву”, таму цалкам падтрымлівае і дапамагае праводзіць татальную зачыстку беларускага грамадства.
У гэтых умовах Рух Салідарнасці “Разам” бачыць небяспеку ў прапановах аб перамовах з рэжымам А. Лукашэнкі і нейкіх магчымых канстытуцыйных рэформах і рэфэрэндумах. Гэтыя адарваныя ад беларускай рэальнасці планы толькі адцягваюць увагу і міжнароднага, і беларускага грамадства ад рэпрэсій, якія праводзіць рэжым А. Лукашэнкі, і ягоных спробаў пераўтварыць Беларусь у суцэльны канцлагер у цэнтры Еўропы.
Мы не вызнаем гэтак званы Усебеларускі народны сход і лічым юрыдычна нікчэмнымі ўсе рашэнні, якія там будуць прыняты.
Стварэнне ў Беларусі і за мяжою структураў з мэтай ачоліць народны пратэст для далейшых перамоваў з рэжымам прадэманстравала сваю бесперспектыўнасць і, як паказала дынаміка пратэстаў, проста ім зашкодзіла.
Супраціў мусіць працягвацца, але мае стаць больш дэцэнтралізаваным і ананімным, аб’яднаным адно ідэяй нацыянальна-вызвольнай барацьбы. Беларускаму народу патрэбнае не “структурабудаўніцтва”, а рэальныя крокі да перамогі. Здабыць гэтую перамогу наша нацыя зможа толькі вызвольнай барацьбой, і барацьба гэтая будзе цяжкай.
Рух Салідарнасці “Разам” заклікае усе адказныя беларускія палітычныя сілы скансалідавацца ў патрабаванні вяртання да Канстытуцыі 1994 г. Гэты палітычны крок вельмі моцна дапамог бы народнаму супраціву.
Мы звяртаемся да Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і падпісантаў Віленскага мемарандума з заклікам да правядзення кансультацый у сувязі з тымі пагрозамі, якія стаяць сёння перад беларускім народам.
Беларусам трэба разлічваць найперш на ўласныя сілы і ясна бачыць сваіх ворагаў, - незаконны рэжым улады А.Лукашэнкі і Крэмль, які яго падтрымлівае.
“Беларусь перадусім!” – мусіць быць лозунгам беларускай вызвольнай барацьбы, лозунгам падтрымкі і салідарнасці з беларусамі, якія змагаюцца.
Слава Героям беларускага народнага супраціву!
Свабоду Беларусі!
Свабоду беларускім палітвязням!
Жыве Беларусь!