Па Курапатах пададзены наглядныя скаргі ў Мінгарсуд

Сябры грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» накіравалі 27 кастрычніка дзве наглядныя скаргі старшыні Мінскага гарадскога суду Паўлу Каршуновічу.

kurapaty_mhs_nahljad_27.10.16_logo.jpg

Першая тычыцца таго, што 6 студзеня 2016 году суддзя суда Цэнтральнага раёна горада Мінска Іван Майсейчык адмовіў заяўнікам ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы па скарзе на неправамерныя дзеянні (бяздзеянне) Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, якая адмовілася паведаміць выяўленыя супрацоўнікамі Генпракуратуры дадзеныя, у тым ліку імёны, імёны па бацьку і прозвішчы трох ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў, чые парэшткі былі ідэнтыфікаваныя па выніках дадатковага расследавання 1997–1999 гадоў пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, узбуджанай у 1988 годзе.   

24 сакавіка 2016 года судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінгарсуду пакінула ў сіле названае вызначэнне суддзі Івана Майсейчыка, а прыватную скаргу грамадзянаў  без задавальнення.

Другая наглядная скарга выкліканая тым, што 20 ліпеня 2015 года суддзя суду Фрунзенскага раёна горада Мінску Аляксандар Кузьміч адмовіў грамадзянам у задавальненні скаргі на неправамерныя дзеянні Мінскага райвыканкаму і ягонага старшыні Пятра Ярмаша, які не дазволіў заяўнікам правесці пікетаванні ў абарону Курапатаў, запланаваныя на 4 чэрвеня 2015 году ў Мінскім раёне.

19 кастрычніка 2015 года судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінгарсуду пакінула рашэнне суда Фрунзенскага раёну без зменаў, а касацыйную скаргу заяўнікаў без задавальнення.

Грамадскія актывісты просяць Паўла Каршуновіча апратэставаць судовыя пастановы, бо лічаць іх неабгрунтаванымі і незаконнымі.

Апроч таго, эксперты ў абарону Курапатаў рыхтуюць наглядныя скаргі старшыні Вярхоўнага суду Валянціну Сукале наконт судовых пастановаў па скаргах грамадзянаў на Генпракуратуру, Міністэрства культуры і начальніка ўпраўлення гэтага міністэрства па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Ігара Чарняўскага. Гэтыя скаргі, што тычацца незаконнага і самавольнага ўзвядзення ў ахоўнай зоне Курапатаў “Бульбаш-холу” і ўнармавання гэтага беззаконня чыноўнікамі Мінкультуры, днямі таксама будуць накіраваныя адрасату.