Мяркуецца, што па людзях на прыпынку транспарту ў Мінску страляў 29-гадовы раней судзімы беспрацоўны

Праваахоўнікі ўстанавілі, што 22 чэрвеня па людзях на прыпынку грамадскага транспарту ў раёне станцыі метро «Партызанская» страляў 29-гадовы раней судзімы беспрацоўны. Пра гэта паведамілі ў галоўным упраўленні ўнутраных спраў Менскага гарадскога выканаўчага камітэта.



pestik.jpg

«Устаноўлена, што злачынства здзейсніў 29-гадовы раней судзімы непрацоўны, знаходзячыся ў якасці пасажыра ў аўтамашыне «Форд Эскорт» пад кіраваннем 25-гадовага менчука. Падазраваны затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання», — распавялі ў ГУУС.

Там дадалі, што 22 чэрвеня ў 13.27 па спецлініі 102 звярнулася 38-гадовая жыхарка Менска і паведаміла, што па Партызанскім праспекце з аўтамашыны страляюць з пнеўматычнага пісталета па грамадзянах, якія знаходзяцца на прыпынку грамадскага транспарту. Брыгадамі хуткай медыцынскай дапамогі трое пацярпелых былі дастаўленыя ў бальніцы: 1997 года нараджэння — з раненнем грудной клеткі злева (у вобласці ключыцы); 1990 года нараджэння - з раненнем цемянной вобласці злева; 1982 года нараджэння — з раненнем правай шчакі, іншародным целам у правай шчацэ. Усе жыхары Мінска.

Раней афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па горадзе Менску Аляксандр Герасімаў паведамляў, што Завадскім (г.Менска) раённым аддзелам СК 22 чэрвеня была ўзбуджаная крымінальная справа па факце здзяйснення невядомымі хуліганскіх дзеянняў, у выніку якіх траім грамадзянам прычыненыя цялесныя пашкоджанні. Крымінальная справа ўзбуджаная па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.339 КК Беларусі і кваліфікаванага як асабліва злоснае хуліганства. Злачынства было здзейснена каля 13.00 на прыпынку грамадскага транспарту ў раёне станцыі метро «Партызанская». З аўтамабіля было зроблена некалькі стрэлаў, пасля чаго машына знікла ў напрамку выезду з горада. Пасля апытання сведак, у ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў меркаваны аўтамабіль быў знойдзены на тэрыторыі Менска. Былі затрыманыя чацвёра грамадзян, якія знаходзіліся ў салоне.

Варта адзначыць, што гэта далёка не першая падобная хуліганская выхадка ў Мінску.

Паводле БелТА