Памерла дзяўчынка, якая пацярпела ў кобрынскім аквапарку
Два тыдні яна знаходзілася ў коме. Школьніцы было 7 гадоў.

фота aquapark.inkobrin.org
Уначы ў Кобрынскай раённай лякарні памерла 7-гадовая дзяўчынка, якая 12 чэрвеня пацярпела ў кобрынскім аквапарку. Пра гэта ў Facebook напісала афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія
Ганчарова.
Дзяўчынка наведвала аквапарк у Кобрыне ў складзе экскурсіі з настаўнікамі сваёй базавай школы Драгічынскага раёна. Праз нейкі час адзін з наведвальнікаў дастаў яе з-пад вады ў стане
непрытомнасці. Згодна з матэрыяламі следства пацярпелая знаходзілася без догляду настаўнікаў больш за 10 хвілін. Школьніцу рэанімавалі медыкі хуткай і даставілі ў лякарню. Два тыдні яна знаходзілася
ў коме.
У дачыненні да двух настаўнікаў, якія суправаджалі экскурсійную групу з 20 школьнікаў, распачалі крымінальную справу па артыкуле "неналежнае выкананне абавязкаў па арганізацыі бяспекі
жыцця і здароўя дзяцей". Следчыя высветлілі, што настаўнікі не высвятлялі, ці ўмеюць дзеці плаваць.
Паводле Еўрарадыё