Ператрусы ў “Вясны” і Бяляцкага
Праваабарончы цэнтр “Вясна напаткаў 17 студзеня новы ператрус. Адбыліся вобшукі і ў кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага. Тры “камітэтчыкі прад’явілі санкцыю пракурора на правядзенне ператрусу. У пастанове было адзначана, што ён праводзіцца ў межах крымінальнай справы, узбуджанай па падзеях 19 снежня (масавыя беспарадкі).
Праваабарончы цэнтр “Вясна напаткаў 17 студзеня новы ператрус. Адбыліся вобшукі і ў кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага.
Тры “камітэтчыкі прад’явілі санкцыю пракурора на правядзенне ператрусу. У пастанове было адзначана, што ён праводзіцца ў межах крымінальнай справы, узбуджанай па падзеях 19 снежня (масавыя беспарадкі).
Супрацоўнікі КДБ былі тыя ж самыя, якія праводзілі ператрус у офісе Беларускага Хельсінкскага камітэта. Іх пазнаў кіраўнік БХК Алег Гулак, які пад’ехаў да калег.
Прысутныя ў офісе прапанавалі свае паслугі як панятыя. Аднак гэбэшнікі адмовіліся ад такой прапановы. “Сказалі: “А вы, Валянцін, асоба заангажаваная, — паведаміў юрыст “Вясны Валянцін Стэфановіч. — Яны дэманстравалі ўсім сваім выглядам, што ўсіх нас ведаюць. І з Лабковічам па імені таксама віталіся: “Добры вечар, Уладзімір.
Панятымі ўзялі двух жыхароў з пад’езда дома, дзе знаходзіцца офіс. Акрамя Алеся Бяляцкага, усіх астатніх людзей выдалілі на вуліцу.
“Ператрус цягнуўся каля дзвюх гадзінаў, — распавёў Валянцін Стэфановіч. — Канфіскавалі адзін ноўтбук. У нас у першы ператрус вынеслі ўсё абсталяванне. Таму зараз нават і забіраць няма што. Ператрус скончыўся дзесьці а шостай гадзіне.І Бяляцкага павезлі, як яны сказалі, на допыт у якасці сведкі па ўзбуджанай крымінальнай справе. Пасадзілі ў службовую машыну і паехалі.
Юрыст звязвае ператрусы “Вясны выключна з актыўнай праваабарончай дзейнасцю. Нагадаем, што папярэдні вобшук правялі міліцыянты адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў ноччу 20 снежня. І забралі ўсе кампутары. “Мы займаліся назіраннем за выбарамі, — адзначыў спадар Стэфановіч. — А пасля снежаньскіх падзей дапамагаем асобам, якія патрапілі пад рэпрэсіі. І збіраем інфармацыю, якую размяшчаем на сайце. Мы праваабаронцы. Мы працуем і займаемся сваёй справай. Вось і ўсё наша дачыненне да гэтай крымінальнай справы.
Як паведаміў Валянцін Стэфановіч, Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (FIDH), у якую “Вясна ўваходзіць і віце-прэзідэнтам якой з’яўляецца Алесь Бяляцкі, ужо прымае пэўныя захады. У сувязі з чарговым ператрусам беларускіх праваабаронцаў яна звязваецца ў тым ліку і з МЗС Францыі, і з міжнароднымі арганізацыямі. “І рэакцыя будзе, — зазначыў Валянцін Стэфановіч. — І мы таксама будзем звяртацца яшчэ раз да спецдакладчыка ААН па праваабаронцах. Безумоўна, без увагі і належных каментараў мы гэта не пакінем.
Як высветлілася пазней, супрацоўнікі КДБ схлусілі. Яны павезлі Алеся Бяляцкага на ператрус ў мястэчка Ракаў, дзе знаходзіцца яго лецішча. Без Бяляцкага адбыўся ператрус у яго мінскай кватэры, там была яго жонка.
“Адным словам, абшукалі з ног да галавы, усё што можна, — паведаміў пасля ператрусаў Алесь Бяляцкі. У выніку ператрусаў забралі таксама старыя паперы і дыскі. “Але нічога істотнага не знайшлі. Сто працэнтаў нічога такога, што адносілася б да справы 19 снежня. Прычым пазваніць не давалі, — адзначыў кіраўнік “Вясны.
Дадому ў Мінск ён вярнуўся напачатку адзінаццатай вечара.