Першае золата Беларусі ў Пхёнчхане!
Толькі праз тыдзень пасля старту ХХІІІ зімовых Алімпійскіх гульняў у скарбонцы зборнай Беларусі з'явіўся першы медаль.
Не падманулі чаканняў заўзятараў фрыстайлісткі. Алімпійскай чэмпіёнкай прызёркай Пхёнчхану стала Ганна Гуськова, якая паказала найлепшы вынік у трох спробах на трампліне, паведамляе Радыё Свабода.
25-гадовая нараджэнка Мінска ўжо была прызёркай этапаў Кубку свету, а пры канцы 2017-га атрымала і першую перамогу. Сёння высокі клас яна падмацавала алімпійскай узнагародай.
Пасля сіта кваліфікацыі ў вырашальную стадыю прабіліся дзве з трох беларускіх прадстаўніц — алімпійская чэмпіёнка Сочы-2014 Ала Цупер і Ганна Гуськова, якая чатыры гады таму фінішавала толькі 21-й.
Па выніках першага скачка з першапачатковага тузіну прэтэндэнтак у фінальную шасцёрку патрапілі Гуськова і Цупер — на першай і трэцяй пазыцыях адпаведна. Пасля гэтага абедзьве прасунуліся ў далейшую стадыю, аднак Цупер няўдала прызямлілася.
Яшчэ ніводнага разу беларускія лыжныя акрабаты пад кіраўніцтвам выбітнага спецыяліста Мікалая Казекі не вярталіся з зімовых Алімпіядаў без узнагародаў. Ня сталі выключэннем і сёмыя па ліку гульні, у якіх Беларусь выступала самастойнай камандай.
17-18 лютага пройдуць кваліфікацыйныя і фінальныя спаборніцтвы ў мужчын-фрыстайлістаў.