Першыя ў Беларусі: У карціннай галерэі імя Вашчанкі ў Гомелі прайшла Ноч музеяў (+фота)
Сапраўдны горад мастакоў разгарнуўся на вуліцы
Карповіча ў самым цэнтры горада над Сожам. Сумесна з тэатральнымі і мастацкімі
калектывамі галерэя імя Вашчанкі правяла першую Ноч музеяў гэтага года ў
краіне.

— У гэтым годзе мы зрабілі акцэнт на Год культуры, — адзначыла дырэктар карціннай галерэі імя Г.Х. Вашчанкі Людміла Шымбалёва. — З гэтай нагоды мы акцэнтавалі ўвагу на нашых тэатральных калектывах і супрацоўніцтве мастакоў розных пакаленняў. Мы не маглі праігнараваць і творы мастацтва, зробленыя ўласнымі рукамі, таму ў нас гарманічна спалучаюцца як дзейсная выстава аўтарскіх лялек «Панна Doll'я» у сценах музея, так і творы рамеснікаў, што прэзентуюць свае творы для гамельчан наўпрост на сённяшняй пешаходнай вуліцы.
Наш фэст дапамаглі зрабіць цікавым і запрошаныя госці з Чарнігава і Мінска. Таму я думаю не выпадкова, што менавіта нашая галерэя распачала Ноч музеяў у гэтым годзе не толькі ў родным Гомелі, але і ва ўсёй Беларусі.




Тэатральную частку забяспечылі тэатр-студыя «Калі б», Народны тэатр-студыя «CIASSIC», узорны тэатр юнага гледача «Равеснік», і вядомы сваімі выступамі незалежны калектыў «Тэатр адкрытых». На ўвагу публікі акторы выствавілі свае лепшыя творы. Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі навучэнцы і педагогі Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа.




Для самых маленькіх гасцей была арганізавана цікавая гульнявая пляцоўка ў двары галерэі. Пры гэтым яе супрацоўнікі не забыліся і на галоўную мэту сваёй установы і яе госці з дапамогай трох экскурсаводаў маглі азнаёміцца з дзейснымі выставамі — “Юдаль Пэн і вучні” з фондаў Віцебскага краязнаўчага музея, экспазіцыяй мастацка-адукацыйнага праекта «Свет імпрэсіянізму», выставай аўтарскіх лялек «Панна Doll'я» а таксама вынікамі пленэра па стварэнні тэкстыльных скульптур «Размовы ў зялёных» ад мінскай некамерцыйнай канцэптуальнай галерэі «Брама».

Файную атмасферу на перакрытай адмыслова дзеля святкавання вуліцы Карповіча забяспечвалі майстар у маляванні святлом і аптычных ілюзіях Марцін Март з Мінску і незвычайнае трыа светлавога перформанса «Менестрэлі» з Чарнігава.
— Мне вельмі падабаецца Ноч музеяў у родным горадзе, — падзялілася сваім уражаннем гамяльчанка Алена. — Менавіта тады ён становіцца жывым і чароўным, месцам крэатыву і розных цікавостак. Я лічу, што ў Гомелі не хапае менавіта гэткай вольнай творчасці пад адкрытым небам. Дзеля гэтага некаторыя з вуліц ці плошчаў можна было б рабіць пешаходнымі і крэатыўнымі рэгулярна, а не раз на год.
Скончылася першая Ноч музеяў гэтага сезона інтэрактыўным светлавым шоў і святочным феерверкам.