Праект багаслоўскай адукацыі ў свецкіх ВНУ краіны пакуль немажлівы

Праект багаслоўскай адукацыі ў беларускіх свецкіх ВНУ пакуль немажлівы. Пра гэта 21 лістапада ў Мінску заявіў доктар тэалогіі Яраслаў Вязоўскі на міжнароднай канферэнцыі «Тэалагічная адукацыя ў Беларусі і краінах Еўропы ў кантэксце забеспячэння свабоды веравызнання», арганізаванай экспертна-прававым таварыствам «Ініцыятыва FORB», міжнароднай арганізацыяй «Адвакаты Еўропы» і міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Цэнтар вывучэння сучаснай рэлігійнасці».



На думку навукоўцы, ні пратэстанцкая царква, ні дзяржава не зацікаўлены ў багаслоўскай адукацыі ва ўніверсітэтах і не гатовы да яе ўвядзення ў навучальны працэс. Беларуская постсавецая і посткамуністычнай дзяржава не разумее важнасці рэлігійнай свядомасці і па-ранейшаму раглядае рэлігію па Карлу Марксу, як опіум для народа, ці па Зыгмунду Фрэйду, як нейкі псіхоз.
Вось чаму беларуская дзяржава адмаўляецца раглядаць багаслоўскія дысцыпліны, як ідэяўтваральныя, што маглі б паўплываць на свядомасць беларусаў. І нават калі нашая дзяржава ўсе-такі ўвядзе ва ВНУ багаслоўе, дык пачне імітаваць яго — замяняць смежнымі дысцыплінамі і зводзіць гэтую адукацыю да гісторыі рэлігіі, параўнальнага рэлігіязнаўства ці псіхалогіі рэлігіі, зазначыў Яраслаў Вязоўскі. На ягоную думку, паколькі беларуская дзяржава не разумее важнасці шырыні рэлігійнай адукацыі, дык аддасць перавагу аднаму віду багаслоўя — праваслаўнаму ў яго ўсходняй форме.
Заходняе пратэстанцкае багаслоўе выклікае недавер ў чынавенства, бо, на ягонае меркаванне, не сумяшчальнае з беларускай культурай і дзяржаўнасцю. Аднак ў багаслоўя, як навукі, павінна быць канкурэнцыя ідэй, без чаго гэтая навука мёртвая, падкрэсліў Яраслаў Вязоўскі.
Сярод матываў, па якіх пратэстанцкая царква не зацікаўлена ў багаслоўскай адукацыі ў свецкіх ВНУ, ён назваў арыентацыю гэтай хрысціянскай канфесіі на пачуццёвую, а не на інтэлектуальную веру, што як раз і патрабуе багаслоўская адукацыя. Пры гэтым беларускія пратэстанты не маюць кадраў, каб выкладаць курс акадэмічнага багаслоўя на ўніверсітэцкім узроўні і не могуць стварыць сучасную школу багасловаў, бо з недаверам ставяцца да заходняга багаслоўя і закрытыя ад яго, сказаў Яраслаў Вязоўскі.
Саветнік па прававых пытаннях Гродзенскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы на Беларусі, ксёндз Андрэй Зноска звярнуў увагу на праблемы статусу вышэйшых каталіцкіх духоўных семінарый краіны і іх выпускнікоў. Паводле ягоных словаў, юрыдычнае рэгуляванне дзейнасці каталіцкіх ВНУ Беларусі знаходзіцца пад уплывам дзвюх розных прававых сістэм: кананічнага права Ватыкану і заканадаўства Рэспублікі Беларусь, што прыводзіць да шматлікіх калізіяў. Айчынная праграма падрыхтоўкі каталіцкіх святароў, што дзейнічае згодна нормаў кананічнага права ў духоўных навучальных установах, якія маюць статус юрыдычнай асобы, уступае ў пастаянны канфлікт з рознымі дзяржаўнымі арганізацыямі, у тым ліку з ваенкаматамі, міністэрствамі адукацыі, працы і сацыяльнай абароны.
Так, з верасня бягучага году органы сацыяльнай абароны насуперак заканадаўству адмовіліся выплачваць пенсію семінарыстам-сіротам з сямей, што засталіся без карміцеляў. Прычым, гэтыя выплаты былі спынены пасля атрымання органамі сацыяльнай абароны ліста з Міністэрства адукацыі пра тое, што каталіцкія духоўныя семінары не адносяцца да ВНУ. Такія дзеянні не з’яўляюцца прававымі, бо ліст Міністэрства адукацыі не можа быць прызнаны нарматыўна-прававым дакументам, падкрэсліў ксёндз Андрэй Зноска. Ён звярнуў увагу на тое, што айчынныя каталіцкія духоўныя семінарыі ёсць часткаю Ўсяленскай Царквы, якая ў асобе Ватыкану разам з Беларуссю падпісалі Лісабонскую канвенцыю 1977 году аб узаемным прызнанні ў еўрапейскім рэгіёне кваліфікацый, што адносяцца да катэгорыі вышэйшых, у тым ліку і ў галіне адукацыі. Юрыст выказаў надзею, што зыходзячы з палажэнняў Лісабонскай дэкларацыі касцёл праз суд даб’ецца аднаўлення выплаты пенсій семінарыстам-сіротам.
Урэшце ксёндз Андрэй Зноска прааналізаваў айчынны дзяржаўны адукацыйны стандарт «Тэалогія». Падрыхтоўка каталіцкіх святароў не можа адпавядаць гэтаму стандарту, бо па гісторыі семінарысты павінны ведаць мінулае Рускай праваслаўнай царквы, праваслаўя на Беларусі, памесных праваслаўных цэркваў і царкоўнаславянскую мову, падкрэсліў юрыст. На ягоную думку, гэты дзеючы адукацыйны стандарт канфесійна вызначаны. Вось чаму нарматыўная база краіны ў галіне адукацыі павінна быць не толькі зразумелай і недвухсэнсоўнай, аднак і не прадугледжваць нейкіх незаконных мажлівасцяў для тых, хто прымяняе права. Апроч таго, пры Апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў трэба ствараць камісію па ўдасканаленню дзяржаўнага адукацыйнага стандарта «Тэалогія», прапанаваў ксёндз Андрэй Зноска.
У канферэнцыі прымалі ўдзел каля 30 спецыялістаў з Балгарыі, Беларусі, Грэцыі, Літвы і Украіны. Дарэчы, украінцы прывезлі прыгожа ілюстраванае выданне «Майдан і царква», прысвячанае ўдзелу святароў Украіны ў падтрымцы падзеяў на кіеўскім Майдане.