Пракуратура падтрымала рашэнне суда выселіць сямʼю жанчыны, якая залезла на кран

Пракуратура Мінска падтрымала рашэнне суда аб высяленні сям'і Ігнатовічаў. Адпаведны ліст, як паведамляе Радыё "Свабода", Галіна Ігнатовіч атрымала 3 сакавіка.

kran_0303.jpg


Жанчына стала вядомай на ўсю краіну, калі 31 студзеня залезла на будаўнічы кран, пратэстуючы супраць несправядлівага, на яе думку, высялення.
На месцы дома, дзе жыве сям'я Ігнатовічаў, кампанія "Тапас" будуе жылы комплекс "Алімпік парк". У сям'і 11 чалавек: сама Галіна Ігнатовіч, два яе сыны з жонкамі і дзецьмі, а таксама былы муж Галіны і яго новая жонка.  Сям'і прапанавалі тры двухпакаёўкі, аднак яны хочуць атрымаць дзве кватэры для сыноў і грашовую кампенсацыю для былых мужа і жонкі.
Рашэнне забудоўшчыка пра вылучэнне трох кватэраў падтрымалі раённы і Мінскі гарадскі суды. Дом Ігнатовічаў мусілі пачаць зносіць 1 лютага, і перашкодзіў гэтаму толькі адчайны ўчынак Галіны Ігнатовіч. Дзякуючы гэтаму яе сваякоў прыняло кіраўніцтва горада, а пракуратура сталіцы прыпыніла судовае рашэнне аб высяленні сямʼі Ігнатовічаў.
Пра гучную гісторыю выказаўся і Аляксандр Лукашэнка: ён загадаў разабрацца і не крыўдзіць людзей. Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што мужчына не павінен жыць адразу са старой і новай жонкамі.
Аднак цяпер сям'ю Ігнатовічаў могуць выселіць на ранейшых умовах. Людзі не могуць зразумець, чаму пракуратура Мінска за месяц памяняла сваю пазіцыю, і хочуць звяртацца па тлумачэнні ў Генеральную пракуратуру.
Паводле «Еўрарадыё»