Пратаколы затрыманых удзельнікаў рок-канцэрту суддзя вярнуў на дапрацоўку
У судзе Мінскага раёна 3 ліпеня пачаліся разгляды адміністратыўных спраў траіх затрыманых непадалёк ад чыгуначнай станцыі Зялёнае ўдзельнікаў рок-канцэрту.
Нагадаем, у суботу ў другой палове дня ў лесе моладзь планавала правесці рок-канцэрт. Сабралася больш за 50 чалавек. Увечары канцэрт спынілі супрацоўнікі АМАП і людзі ў цывільным. Большасць адпусцілі адразу, на трох склалі пратаколы па артыкуле 23.4 «супраціўленне супрацоўнікам міліцыі» Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (КаАП). Некаторых удзельнікаў збівалі супрацоўнікі АМАПу.
На дваіх юнакоў былі складзеныя пратаколы па артыкуле менавіта за супраціўленне супрацоўнікам міліцыі, на трэцяга апроч гэтага склалі яшчэ і пратакол па арт. 17.3 "Распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення". Аднак, па словах юнака, медыцынскага агляду на ўтрыманне алкаголю не праводзілася. Да суду яны былі змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання.
Суддзя С. Ткачук, азнаёміўшыся з матэрыяламі справы, прыйшоў да высновы, што ў пратаколах пазначана, нібыта затрыманыя “супраціўляліся” ўжо ў аўтазаку, а фактычных падставаў для затрымання прадстаўлена не было.
У выніку усе адміністрацыйныя матэрыялы вернутыя на дапрацоўку ў райаддзел міліцыі, а юнакоў адпусцілі з залы суда.
Калі будзе прызначаная новая дата разгляду — пакуль не вядома.
Падчас суду высветлілася, што пры разгоне канцэрту міліцыянты канфіскавалі рознае музычнае абсталяванне і гітары на суму прыкладна каля 5 тысяч долараў. Пры гэтым аніякіх дакументаў не складалася. Пра лёс гэтых рэчаў і калі іх вернуць уладальнікам, пакуль таксама не вядома.