Праваабаронцу Марціна Углу ўсё ж дэпартавалі з Беларусі
Кіраўнік шведскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла, якога 7 мая не пусцілі ў Беларусь і трымалі пад вартай у транзітнай зоне аэрапорта, ужо знаходзіцца ў Вільні. Адтуль ён вяртаецца ў Стакгольм.
«Раніцай мяне пасадзілі на самалёт. Мне пажадалі прыемнага палёту. Праўда, не сказалі «Да пабачэння». Я, у сваю чаргу, спытаў: ці значыць гэта, што год гасціннасці ў Беларусі ўжо скончыўся? Але памежнік зрабіў выгляд, што не разумее пытання», — паведаміў Марцін Угла «Радыё Свабода».
«Начаваў я на канапе ў пакоі, якая знаходзіцца ў транзітнай зоне. Гэта пакой для асоб, якіх не пусцілі на тэрыторыю Беларусі. Са мной былі яшчэ тры іранца. Гэта не турэмная камера, а асобная зала, якую ахоўваюць. За мной назіралі тры ахоўнікі — глядзелі, каб я не ўцёк», — распавёў Угла.
За суткі Углу два разы пакармілі бутэрбродамі, якімі звычайна частуюць пасажыраў авіярэйсаў.
«Супрацоўнік «Белавія », які прыносіў бутэрброды, здзівіўся, што я валодаю беларускай мовай», — адзначае праваабаронца.
Марцін Угла паведаміў, што яму так і не патлумачылі, чаму не пусцілі ў Беларусь. «Мне проста заявілі, што я знаходжуся ў спісе асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краіны. Я папрасіў растлумачыць сутнасць гэтай фармулёўкі, аднак яны адмовіліся. Яны таксама адмовіліся даць мне дакумент, які растлумачыў бы прычыны забароны», — паведаміў ён.
Угла кажа, што адзінае сведчанне яго няўдалай паездкі ў Мінск — гэта пячатка ў пашпарце аб тым, што яму забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі. Ён прызнае, што трапіць у Беларусь яму ў бліжэйшы час «нерэальна». «Але я хачу пабываць у Беларусі і, натуральна, буду спрабаваць гэта зрабіць. Я не буду маўчаць і не буду спыняць крытыку за парушэнне правоў чалавека», — заявіў Марцін Угла.
Нагадаем, праваабаронца амаль суткі правёў у транзітнай зоне аэрапорта «Мінск-2». Памежнікі адмовіліся яго ўпускаць у Беларусь, нягледзячы на тое, што ў Марціна Углы быў квіток на матч у межах чэмпіянату свету па хакеі.
Шведская праваабарончая арганізацыя Östgruppen, на чале якой стаіць Марцін Угла, з’яўляецца адным з ініцыятараў міжнароднай кампаніі «Don't Play with the Dictator» («Не гуляйце з дыктатарам»), накіраванай супраць правядзення хакейнага чэмпіянату свету 2014 года ў Мінску.