Праваабаронцы паведамляюць пра хвалю ператрусаў па ўсёй Беларусі
Ператрусы адбываюцца, як у Мінску, так і Віцебску, Гомелі, Мазыры, Крычаве.
Ад самай раніцы 1 снежня па ўсёй Беларусі адбываюцца ператрусы. На дадзены момант праваабаронцам вядома пра вобшукі ў мазырскага праваабаронцы Уладзіміра Целепуна, у актывістаў з Віцебска Уладзіміра Кійко і Мікалая Качурца, а таксама ў крычаўскага журналіста Сяргея Няроўнага. У Гомелі прыйшлі да журналісткі Ларысы Шчыраковай, а пасля ператрусу яе павезлі на допыт, піша «Наша Ніва».
Акрамя гэтага, ад 7 раніцы праходзяць масавыя ператрусы ў Мінску.
Па інфармацыі праваабаронцаў, з вобшукамі прыйшлі мінімум да 10 чалавек.
У рамках якой справы адбываюцца ператрусы, пакуль невядома.