Прысуд агучаны

Міколу Статкевічу — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрыю Усу — 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Аляксандру Класкоўскаму — 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Аляксандру Квяткевічу — 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, Арцёму Грыбкову — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрыю Буланаву — 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, Андрэю Пазняку — 2 гады абмежавання волі, яго вызвалілі ў зале суда. Такія прысуды пасля тыднёвай адтэрміноўкі 26 мая агучыла ў Ленінскім судзе Мінска суддзя Людміла Грачова.

b52340b4de4566b804c9880aa0b4af5f.jpg

Абвяшчэнне іх 20 мая “сарвалася з-за хваробы суддзі, якую шмат хто расцаніў як “дыпламатычную. Пракурор Кірыл Чубкавец запатрабаваў для палітвязняў беспрэцэдэнтна жорсткія тэрміны — ад 4 да 8,5 гадоў зняволення. А ў Мінск з’язджаліся высокія саюзныя госці, у тым ліку расійскі прэм’ер Пуцін. Захад таксама на гэты час прызначыў абмеркаванне новых санкцый супраць Беларусі ў сувязі з папярэднімі судамі. Пасля тыднёвага тайм-аўта прысуд нарэшце прагучаў напоўніцу.
“Дзякую за мужнасць тым, хто не напалохаўся і прыйшоў на Плошчу, — з такімі словамі звярнуўся напрыканцы суда Мікола Статкевіч. — І прашу прабачэння ў тых, хто быў ні за што збіты, апынуўся на нарах, у клетках. Хачу сказаць родным і блізкім гэтых людзей, што вам не павінна быць сорамна за сваіх сыноў, братоў, якія сядзяць у клетцы. Зараз на дадзены момант гэта высокае месца. Значна больш высокае, чым на тым баку залі.
А замежным дыпламатам экс-кандыдат адрасаваў: “Не трэба прапаноўваць рэжыму грошы за нашу свабоду. Калі вы зробіце гэта, у нас будуць новыя закладнікі. А я згодны ахвяраваць сабой. У злачынцаў закладнікаў выкупаць нельга. Калі вы зробіце гэта, значыць, будуць іншыя закладнікі і сітуацыя доўга не зменіцца.
Мікола Статкевіч сказаў, што гатовы ахвяраваць сваёй уласнай свабодай дзеля таго, каб наблізіць свабоду сваёй краіны. “Я веру ў тое, што Беларусь будзе вольнай, — заявіў ён у судзе.
А Аляксандр Класкоўскі зазначыў, што, як і ў кожнага чалавека, у яго былі ўчынкі, якімі ён не можа ганарыцца. “Але 19 снежня быў на плошчы не натоўп, як кажуць, а беларуская нацыя. І я лічу за гонар, што быў там з тымі людзьмі, — заявіў ён.