Расійская турыстка вельмі ўзрушылася ў гродзенскім касцёле. Каго яна там убачыла?

Расійская турыстка наведала Гродна і зайшла ў Фарны касцёл. Там яна сустрэла 92-гадовую парафіянку Пелагею Аляшкевіч. Ад выгляду стыльнай бабулі-верніцы ў расіянкі літаральна мову заняло.

Фота з сайта katolik.life

Фота з сайта katolik.life

«Яна ўся была невыносна прыгожая: аблічча, фігура, жэсты, гаворка, хада, манеры…» — цытуе турыстку выданне Katolik.life.

Пелагея Вацлаваўна расказала расіянцы і пра касцёл, і пра сябе. «Лепш за экскурсавода распавядала, нібы спявала, пра касцёл — алтар, хор, роспіс, статуі, вітражы, стужкі, арган… Не адпускала. Я стаяла ў баку і проста любавалася ёю», — падзялілася ўражаннямі турыстка.

«Расла сціпла, тату забілі ў першы дзень вайны. Я даўно жыву… Нас яшчэ ў школе вучылі, як правільна прымаць кветкі: трэба панюхаць іх, прыціснуць да грудзей і падзякаваць. Вучылі, як апранацца: што чорны, белы і зялёны колеры падыходзяць да ўсяго… Я не атрымала вельмі добрай адукацыі, але ўсё жыццё годна працавала на прадпрыемстве. Дзяцей дваіх выхавала, праўда сына ўжо пахавала», — пераказвае словы Пелагеі Аляшкевіч турыстка.

«Цёця Пэля (яе так называлі). Усё сваё жыццё яна заўжды добра выглядала. Была заўсёды моднай, падцягнутай», — пішуць пра стыльную сталую гродзенку каментатары ў групе «Каталікі Беларусі» ў фэйсбуку.


Фота з сайта katolik.life

Фота з сайта katolik.life

Хто такая Пелагея Аляшкевіч

Пелагея Аляшкевіч (Шупіцкая) нарадзілася ў Варшаве ў 1932 годзе, распавядае Hrodna.life. Яе маці была карэннай варшавянкай, а бацька — з мястэчка Адэльск Гродзенскага раёна. У 1936 годзе сям’я пераехала ў Гродна, дзе Вацлаў Шупіцкі ўладкаваўся на працу ў турму — паштальёнам. Ён загінуў у першы дзень Другой сусветнай вайны — 1 верасня 1939 года.

У самы першы дзень Другой сусветнай вайны, калі Германія напала на Польшчу, у складзе якой у той час была заходняя частка Беларусі, нямецкія самалёты бамбілі Гродна – адна з бомбаў звалілася на турму.

У публікацыі аднаго з мясцовых выданняў, якую можна знайсці праз пошук у інтэрнэце, Пелагея Аляшкевіч падрабязна распавядала пра сябе і пачатак вайны. У прыватнасці, яна казала, што ўжо 17 верасня савецкія танкі ўвайшлі ў Гродна — групы мясцовай моладзі (паколькі большасць мужчын да таго часу сышлі на фронт змагацца з нямецкімі акупантамі) супраціўляліся інтэрвенцыі камуністаў, сустракаючы рускія танкі кактэйлямі Молатава.

Пані Пелагея 45 гадоў прапрацавала закройшчыцай на Гродзенскай абутковай фабрыцы, атрымала ордэн «Ганаровы ветэран працы». Шмат гадоў даглядала і дагэтуль працягвае даглядаць гродзенскую катэдру, дапамагае з уборкай.