Саўчанка не спыніць галадоўку без выкананьня яе правоў — адвакат
Украінская лётчыца Надзея Саўчанка, якую судзяць у Расіі, вырашыла не спыняць галадоўку пратэсту, якая доўжыцца ўжо амаль месяц.
Як паведаміў "Радыё Свабода" адзін з яе адвакатаў Марк Фейгін, адзіная магчымасць, каб гэта галадоўка скончылася, наступіць у тым выпадку, калі суд у горадзе Данецку Растоўскай вобласці Расіі пачне выконваць правы падсуднай і яе абароны і перастане адпрэчваць доказы невінаватасці ўкраінкі.
Надзею Саўчанку ў Расіі абвінавачваюць у саўдзеле ў забойстве двух супрацоўнікаў расійскага тэлебачання, а таксама ў замаху на забойства групы сепаратыстаў і незаконным перасячэнні расійскай мяжы. Саўчанка і яе абарона адпрэчваюць гэтыя абвінавачванні і даказваюць, што на момант гібелі расійскіх журналістаў яе ўжо захапілі ў палон сепаратысты, якія потым прымусова пераправілі яе ў Расію.
— Які цяпер стан здароўя Надзеі Саўчанкі ў сувязі з галадоўкай?
Марк Фейгін
— Ён пагаршаецца. Пакуль не так хутка, вядома, але, тым не менш, ён пагаршаецца істотна: яна страціла 15 кілаграмаў і, вядома, адчувае боль рознай этыялогіі. Наколькі ўсё можа абвастрыцца, будзе залежаць ад інтэнсіўнасці працэсу. Бо тэрміны ўжо даволі значныя, 18 студзеня будзе месяц — у панядзелак будзе чарговае судовае пасяджэнне ў Данецку, і будзе ўжо месяц — гэта вялікі тэрмін.
— Чаго вы чакаеце ў панядзелак і наступныя дні?
— Усе асноўныя падзеі будуць адбывацца, хутчэй за ўсё, на наступным тыдні. Таму што пасля месяца, тым больш пасля папярэдняга галадання, яе надоўга не хопіць. Пытанне толькі ў тым, ці будуць яе прымусова карміць, ці змесцяць у стацыянар, што можа стаць перашкодай для яе ўдзелу ў працэсе. І, шчыра кажучы, абарона не вельмі хоча ўдзельнічаць у працэсе без Саўчанкі. Гэта таксама важны працэсуальны момант. Таму інтэнсіўнасць пагаршэння здароўя будзе залежаць ад таго, ці будзе своечасова аказвацца медыцынская дапамога, лекі, накшталт глюкозы. Таму, напэўна, варта чакаць істотнага пагаршэння толькі на наступным тыдні. Пакуль усё больш-менш знаходзіцца ў прагназуемых межах, прынамсі, падобна, як гэта было пры першым галаданні: першы месяц быў такім, калі яшчэ можна было казаць пра стабільны стан, скажам так.
— І Надзея не збіраецца спыняць галадоўку?
— Не, не збіраецца. Мы нават атрымалі ад яе пісьмовае ўказанне, у мяне на руках ёсць гэты ліст, у якім яна зноў падкрэслівае, што адвакаты ўгаворваюць яе спыніць галадоўку, а таксама перадаюць ёй інфармацыю, перадаюць ёй просьбы ад украінскіх грамадзян, ад службовых асобаў Украіны і ад палітыкаў аб тым, каб яна ўсё ж спыніла галадоўку і не марнавала свайго здароўя, — але яна прымае рашэнне самастойна і прынамсі пакуль працягвае гэта галаданне.
— Як вы лічыце, да чаго гэта можа давесці?
— Мы, вядома, разлічваем, што, па-першае, не дойдзе да прымусовага кармлення — гэта вельмі істотны момант, таму што сама Надзея супраць гэтага рэзка выступае. Гэта першы момант. Гэта такі зонд, які ўводзіцца ў рот, досыць непрыемная працэдура... А другі момант, вядома, звязаны з тым, што ёсць патрабаванні Саўчанкі. Бо яна вылучыла цалкам зразумелыя і ясныя патрабаванні. Суд прынамсі мае прыслухоўвацца да таго, што бок абароны пастаянна спрабуе прапаноўваць доказы яе невінаватасці, а яны паслядоўна гэтыя хадайніцтвы адхіляюць — гэта і білінг яе тэлефона, і сведчанні відавочцаў падзей 17 чэрвеня 2014 года. Што было б прасцей, як задаволіць патрабаванні і далучыць да матэрыялаў судовага следства гэта ўсё? Гэта дакладна стане падставай для таго, каб Саўчанка перастала галадаць. Але калі яе правы адмаўляюць, як і правы яе абароны, ні на што іншае, акрамя як працягнуць галадоўку, яна не пойдзе.