Спадарожнікі кампаніі Maxar Technologies сфатаграфавалі ваенную тэхніку на трох беларускіх палігонах
22 студзеня спадарожнік зрабіў здымкі Берасцейскага палігона, 29 студзеня сфатаграфаваў Абуз-Лясноўскі палігон пад Баранавічамі, а 30 студзеня — Асіповіцкі ў Магілёўскай вобласці. Здымкі апублікавала агенцтва Reuters.

Ваенная тэхніка на Асіповіцкім палігоне. Крыніца: Reuters
На брэсцкім палігоне часта трэніруюцца дэсантнікі і мотастралкі, на Асіповіцкім праходзяць стрэльбы артылерыі. Нядаўна з'явіліся здымкі расійскага аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр», зробленыя пад Асіповічамі. Прадстаўнікі Maxar Technologies заявілі, што на здымках комплекс таксама маецца.

Ваенная тэхніка на брэсцкім палігоне. Крыніца: Reuters
Нагадаем, што расійскія і беларускія вайскоўцы збіраюцца ўзяць удзел у вучэннях «Саюзная рашучасць — 2022». У нашу краіну са студзеня прыбываюць эшалоны баявой тэхнікі з Расіі.

Ваенная тэхніка на Абуз-Лясноўскім палігоне. Крыніца: Reuters
Раней спадарожнікі Maxar Technologies фіксавалі вайсковую тэхніку на чатырох палігонах у Расіі — два з іх знаходзяцца паблізу ад украінскіх межаў.