Справа Бандарэнкі ў судзе. За тры бойкі яму пагражае да 10 гадоў

У Кастрычніцкі суд Мінску паступіла крымінальная справа былога кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Платформа інавэйшн» Андрэя Бандарэнкі, якога абвінавачваюць у злосным хуліганстве.



bandarenka2.jpg

Мінула 3 месяцы, як арыштавалі былога палітвязня, цяпер ужо і былога кіраўніка «Платформы інавэйшн» Андрэя Бандарэнку. Крымінальную справу Андрэя Бандарэнкі вёў Следчы камітэт. Днямі справу перадалі ў Кастрычніцкі суд Мінску, дзе яна і будзе разглядацца. У Кастрычніцкім судзе паведамілі, што справу Бандарэнкі атрымалі, але дзень суду яшчэ невядомы. Працэс прызначаць на ліпень, мяркуе калега Андрэя Бандарэнкі, праваабаронца Алёна Красоўская-Каспяровіч, якая нядаўна заступіла на пасаду кіраўніка «Платформы»:

«Усё ўжо, паціху ідзе да канца. Чакаем прызначэньня дня суду. Стаміліся ўжо ўсе, мяркую, і Андрэй таксама».


Паводле следзтва, Андрэй Бандарэнка нібыта ўчыніў злоснае хуліганства: два эпізоды справы — пра збіцьцё жанчын, яшчэ ў адным фігуруе бойка з мужчынам. Як мяркуе праваабаронца, былы палітвязень Мікіта Ліхавід, гэты эпізод падобны да правакацыі. Мікіта быў сведкам таго, як Андрэй Бандарэнка, выходзячы з кавярні, сутыкнуўся з мужчынам, які нібыта яго чакаў:

«Гэты чалавек стаяў побач з кафэ, калі Андрэй выйшаў. І раптам падышоў да Андрэя і папрасіў у яго закурыць у вельмі грубай форме. Гэтак і ўзнік канфлікт. Таму нельга выключаць нейкай спланаванай правакацыі. Але, безумоўна, на 100% гэта не скажаш».


Усе тры эпізоды, якія расследаваліся, трапілі ў крымінальную справу. Паводле Алёны Красоўскай-Каспяровіч, следчыя лічаць, што віна Андрэя Бандарэнкі ў судзе будзе даказаная.
Ці прызнае сябе вінаватым Андрэй Бандарэнка? Алёна Красоўская-Каспяровіч распавяла, што ў першых лістах з ізалятару Андрэй выказваў раскаянне ў сваіх учынках, але што да ягонай пазыцыі ў судзе, то пакуль яна невядомая:

«Ён асабліва пра гэта не піша, а адвакат наш цяпер у адпачынку, да 10 ліпеня. Але чаму, уласна кажучы, мяняцца? Мне здаецца, што давядзецца прызнаваць. Але гэтая мая пазіцыя».


Андрэю Бандарэнку пагражае 10 гадоў зняволеньня. Ягоныя калегі спадзяюцца, што пакаранне будзе значна меншым. Тое, што праваабаронца раней прыцягваўся да суду, паводле Алёны Красоўскай-Каспяровіч, не павінна разглядацца як абцяжарваючыя абставіны, бо ў выніку тады Андрэй Бандарэнка быў апраўданы і судзімасць з яго знялі.
Утрымліваюць Андрэя Бандарэнку ў ізалятары на Валадарскага. Паводле Алёны Красоўскай-Каспяровіч, на ўмовы ўтрымання ён не скардзіўся.
svaboda.org