Стадыён «Дынама» адмовіў арганізатарам канцэрту #БНР101, бо няма газону
Генеральны дырэктар Нацыянальнага алімпійскага стадыёну «Дынама» Васіль Аляксеенка патлумачыў адмову ў правядзенні святочнага канцэрту на Дзень Волі #БНР101 неабходнасцю аднаўляць газон, піша Радыё Свабода.
Пасля зімовага перыяду гэты працэс «займае да паўтара месяца».
Паводле Аляксеенкі, дата правядзення сьвяточнага канцэрту на Дзень Волі і тэрміны пастаўкі і тэставання пакрыцця футбольнага газону супадаюць.
«Абмежаванні стадыёну „Дынама“ як арэны для арганізацыі правядзення канцэртаў, фестываляў, парадаў абумоўленыя наяўнасцю і ступенню завершанасці тэставання ахоўнага пакрыцця футбольнага газону. Пасля зімовага перыяду аднаўленне газону займае да паўтара месяца», — гаворыцца ў афіцыйным адказе, які атрымала Радыё Свабода ад адміністрацыі стадыёна.
Паводле гендырэктара, цяпер на стадыёне няма пакрыцця травянога газону і лёгкаатлетычных дарожак.
«У звязку з гэтым праводзіцца працэдура закупкі пакрыцця, якое і дазволіць у далейшым у поўнай меры эксплуатаваць стадыён».
Стадыён «Дынама», піша Васіль Аляксеенка, будзе гатовы да правядзення мерапрыемстваў «не раней за красавік пры ўмове своечасовай пастаўкі ахоўнага пакрыцця і яго абавязковага тэставання».
Раней адміністрацыя стадыёну «Дынама» адмовіла арганізатарам святочнага канцэрту на Дзень Волі, спаслаўшыся на Еўрапейскія гульні.
Грамадская кампанія #БНР101 падавала заяўку ў Мінгарвыканкам на святочны канцэрт на «Дынама» 24 сакавіка.