Статкевічу працягнулі тэрмін утрымання пад вартай. Яшчэ на тры месяцы — да 29 сакавіка
Тая ж сітуацыя — у блогера Дзмітрыя Казлова (Шэры Кот).
Як паведаміў БелаПАН адвакат Уладзімір Сазанчук, апавяшчэнне пра гэта Статкевіч атрымаў 23 снежня.
Абаронца нагадаў, што 15 снежня Статкевічу прад'явілі новае
абвінавачванне — падрыхтоўка масавых беспарадкаў (ч. 2 арт. 293 КК). Максімальнае
пакаранне па гэтым артыкуле — восем гадоў пазбаўлення волі.
Сазанчук адзначыў, што такое ж абвінавачванне ў снежні было
выстаўленае яшчэ аднаму яго падабароннаму — блогеру Дзмітрыю Казлову (вядомы
пад псеўданімам Шэры Кот). Тэрмін утрымання пад вартай яму падоўжылі да 29
сакавіка.
Ніякіх следчых дзеянняў са Статкевічам і Казловым — прынамсі з
удзелам абароны — па-ранейшаму не праводзіцца, дадаў адвакат.
Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 траўня. Яго падвергнулі
адміністрацыйнаму арышту за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах,
аднак па сканчэнні тэрміну пакарання не выпусцілі, абвясціўшы падазраваным у межах «справы Ціханоўскага» па ч. 1 арт. 342 КК (падрыхтоўка
дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 8 ліпеня Статкевічу было
прад'яўлена абвінавачанне па гэтым артыкуле. Ён прызнаны палітвязнем. 15 снежня яму было прад'яўленае новае абвінавачванне.
Статкевіч утрымліваецца ў ізалятары Жодзіна ў адзіночнай
камеры. Казлоў — у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
Праваабаронцы прызналі абодвух палітвязнямі.