Праваабаронцы звярнуліся да ААН у сувязі з катаваннямі Міколы Дзядка

Амаль тры тыдні адвакатка Наталля Мацкевіч чакала допуску ў СІЗА да палітзняволенага Мікалая Дзядка. Яго па-ранейшаму ўтрымліваюць у жорсткіх умовах.



Фота «Вясна»

Фота «Вясна»

Адвакатка вядомага публіцыста і актывіста анархісцкага руху Міколы Дзядка ўчора паведаміла, што ў яго нармальны стан здароўя, а настрой бадзёры. Акрамя таго, Наталля Мацкевіч расказала, што за апошні тыдзень яму аддалі больш за 100 лістоў.

«Мікола ведае пра хвалю салідарнасьці людзей з ім, захоплены і шчаслівы, ад душы ўдзячны тым, хто падтрымаў і перажывае за яго».

Але ў абароны ёсць падставы для турботы. За час знаходжання ў СІЗА Мікалай змяніў некалькі камер з прычыны канфліктаў з сукамернікамі. Дзядок лічыць, што сітуацыя можа пагоршыцца. Умовы сустрэч Мікалая з адвакаткай у СІЗА на Валадарскага, паводле яе, «не забяспечваюць умоваў для аказання эфэктыўнай юрыдычнай дапамогі».

Тым часам праваабаронцы «Вясны» звярнуліся да спецдакладчыцы ААН аб Беларусі Анаіс Марэн і спецдакладчыка аб катаваннях Нільса Мельцэра і заклікалі іх умяшацца ў сітуацыю, адзначае «Свабода».

Публіцыста і актывіста анархісцкага руху Міколу Дзядка затрымалі і моцна збілі 12 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіК у пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёну. Затым яму прад’явілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Сам актывіст не прызнае сябе вінаватым.