Студэнтаў адлічаюць

Адбываюцца допыты, ператрусы і адлічэнні студэнтаў «за плошчу». Пайшоў другі месяц пасля акцыі пратэсту 19 снежня, а працы ў КДБ і міліцыі не стала меней.

Адбываюцца допыты, ператрусы і адлічэнні студэнтаў «за плошчу». Пайшоў другі месяц пасля акцыі пратэсту 19 снежня, а працы ў КДБ і міліцыі не стала меней.
Моладзевую актывістку АГП Таццяну Грыбоўскую адлічылі з мінскага педагагічнага ўніверсітэта. Яна без праблем здала заліковую сесію і два іспыты. Але з двума астатнімі іспытамі ўзніклі праблемы. Паводле словаў дзяўчыны, яна была падрыхтаваная і адказвала ўпэўнена. Але выкладчыкі ёй сказалі, што яна «не з таго пачала жыццё» і што «нармальныя студэнты павінны вучыцца, а не па плошчах хадзіць». Таццяну адлічаюць з фармулёўкай «за непаспяховасць».
Новыя ператрусы адбыліся 26 студзеня ў Гомелі. КДБ правёў вобшукі ў кватэрах старшыні абласной арганізацыі АГП Васіля Палякова, а таксама кіраўніка арганізацыі «Прававая ініцыятыва» Леаніда Судаленкі. Паўторны ператрус камітэтчыкі разам з міліцыяй правялі і ў рэгіянальным офісе АГП. Агулам забралі 6 кампутараў, а таксама ксераксы, прынтары, дыктафоны.
Актывісту АГП Даніле Кляўко адмовіліся паказаць ордэр. Ператрус у яго кватэры 25 студзеня праводзілі жанчына ў міліцэйскай форме і тры мужчыны. Адзін з іх увесь час здымаў на камеру. «Ператрэслі ўсю хату. Знайшлі толькі камізэльку «За Някляева!» і ў канцы запатрабавалі распісацца на нейкай паперы, чаго я не зрабіў», — паведаміў Даніла Кляўко. Ён звярнуўся з заявай у міліцыю. Начальнік райаддзела сказаў, што нікога з супрацоўнікаў міліцыі з ператрусам не пасылаў. І паабяцаў распачаць па гэтым факце крымінальную справу.
У мазырскага праваабаронцы Уладзіміра Целяпуна 21 студзеня чэкісты забралі кампутар сына-студэнта з дыпломнай працай.
У Мінску ў Яўгена Іванюка, даверанай асобы экс-кандыдата Міхалевіча, чэкісты вынеслі два сістэмныя блокі ад кампутараў.
Ператрусы правялі і ў баранавіцкіх актывістаў Вячаслава Болбата і Таццяны Малашчанкі. Забралі кампутары, дакументы, улёткі.
КДБ правёў таксама допыты актывістаў АГП Паўла Яловіка (паўторна) і Арцёма Агафонава.
А актывіст АГП Усевалад Шашарын пасля другога допыту ў КДБ наконт падзей 19 снежня апынуўся ў ізалятары на Акрэсціна. Суд Маскоўскага раёна Мінска 21 студзеня вынес пастанову аб арышце на 9 сутак. У чым абвінавацілі актывіста, яго калегі ў судзе не высветлілі.
19-гадоваму Руслану Нікіценку ўпраўленне КДБ па Гомельскай вобласці 25 студзеня вынесла папярэджанне. «Калі яшчэ раз буду прымаць удзел у несанкцыянаваных акцыях, то магу быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці», — паведаміў ён.
Сясцёр Юлю і Кацярыну Пашко з Брэста «за плошчу» папярэдзіла абласная пракуратура.
А з берасцейкай Касяй Сяльдзеўскай прафілактычную гутарку даручана правесці ўчастковаму. Дзяўчына была затрымана на плошчы ў Мінску і адсядзела 10 сутак на Акрэсціна. «Міліцыянт сказаў, што яму трэба са мной паразмаўляць наконт таго, што я няправільна жыву», — паведаміла яна Радыё «Свабода».