Суд па справе "Стоп падатак" пакінуў у сіле рашэнне ДАІ аб штрафе
13 студзеня Дзмітрый Дзмітрыеў быў спынены супрацоўнікамі ДАІ падчас руху па праспекце Незалежнасці ў Мінску. У гэты дзень аўтамабілісты праводзілі акцыю "Стоп падатак" супраць увядзення збору на дапушчэнне траспартнага сродку да руху.
![maskouskisudminska.jpg maskouskisudminska.jpg](/img/v1/news/full/maskouskisudminska.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На Дзмітрыева быў складзены пратакол за тое, што ён нібыта без патрэбы падаваў гукавыя сігналы — парушэнне п.172 Правілаў дарожнага руху. Пасля яго пакаралі штрафам у памеры 3 б.в. (390 тыс.рублёў). Кіроўца нязгодны з абвінавачваннем.
У сваё скарзе ён указвае, што пры разглядзе справы былі парушаны патрабаванні ПВКаАП — пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні не адпавядае форме і зместу, віна ў здзяйсненні правапарушэння не была даказаная. У сувязі з гэтым Дзмітрыеў прасіў адмяніць пастанову аб справе і накіраваць справу на новы разгляд.
25 лютага справу разглядала суддзя Таццяна Мотыль у судзе Маскоўскага раёна. Спасылаючыся на рапарты супрацоўнікаў ДАІ, суд прыйшоў да высновы, што санкцыя аб спагнанні штрафу правамерная, а таму рашэнне ДАІ пакінуў без змены.
Дзмітрый Дзмітрыеў накіраваў касацыйную скаргу на рашэнне суда Маскоўскага раёна.