Суддзя Запаснік хоча, каб органы адукацыі прызналі сям'ю палітыка Беленькага праблемнай праз палітычныя суды над бацькам
Юрась Беленькі заявіў, што будзе абскарджваць рашэнне Ленінскага раённага суда Мінска. Суддзя Марына Запаснік паінфармавала органы апекі і папячыцельства пра неабходнасць кантролю за становішчам дзяцей у сям’і намесніка старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ.
У Юрася Беленькага— адна дачка, якая добра вучыцца ў гімназіі, наведвае мастацкую школу і студыю танцаў.
Палітык заяўляе пра палітычны пераслед, бо менавіта гэтая суддзя займалася яго адміністрацыйнай справай, звязанай з арганізацыяй мітынгу памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрошчы Лошыцы:
«Гэтая пастанова суда незаконная. Мы будзем звяртацца ў пракуратуру, каб яна была адменена. Ну і каб у дачыненні да суддзі, якая вынесла незаконную пастанову, былі ўчыненыя дзеянні
пракурорскага рэагавання», — кажа Беленькі.
Акцыя памяці рэпрэсаваных у Лошыцы прайшла летась у лістападзе і была дазволена ўладамі. Аднак Беленькага прыцягнулі да адказнасці і аштрафавалі на 4,5 мільёна рублёў, абвінаваціўшы ў тым, што
ён нібыта не забяспечыў бяспеку ў час мерапрыемства. Палітык сваёй віны не прызнаў і падаў скаргу на прысуд.
racyja.com