Супраць палітвязня Дзмітрыя Дубоўскага распачалі новую крымінальную справу

Палітзняволены анархіст Дзмітрый Дубоўскі, асуджаны да 18 гадоў калоніі, з канца ліпеня 40 сутак знаходзіўся ў ШІЗА віцебскай калоніі. Але нядаўна Дзмітрыя перавялі ў СІЗА-1 — супраць яго ўзбудзілі новую крымінальную справу. Пра гэта паведамляе ТГ-канал «П*ава на паўстанне» са спасылкай на ягоную сястру Юлію.

photo_2022_09_10_16_46_19.jpg

«Пасля 40 дзён у ШІЗА яго этапавалі ў Мінск. Сёння прынялі для яго перадачу, а гэта значыць, зноў пад следствам. І зноў яго чакае следства, суд, прысуд. Падрабязнасцей пакуль не ведаю», — сказала сястра палітвязня.

Нагадаем, у ноч на 29 кастрычніка 2020 года Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Дубоўскага, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Разановіча затрымалі пры перасячэнні беларуска-ўкраінскай мяжы. Іх прызналі вінаватымі ў «акце тэрарызму», незаконным абароце зброі і яе перамяшчэнні праз мяжу.

22 снежня 2021 яны былі асуджаныя на вялікія тэрміны: Ігар Аліневіч — 20 гадоў, Дзмітрый Дубоўскі — 18 гадоў, Дзмітрый Разановіч — 19 гадоў, Сяргей Раманаў — 20 гадоў.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме з прычыны «абароны персанальных даных пацярпелых». Фігуранты справы ўключаны КДБ у спіс асоб, датычных да «тэрарыстычнай дзейнасці».