Палітзняволеную візажыстку перавялі ў калонію. У яе Instagram было больш за паўмільёна чалавек
У Мінгарсудзе 16 жніўня разглядзелі апеляцыйную скаргу вядомай беларускай візажысткі Вольгі Томінай. Вынік невядомы, але, меркавана, прысуд пакінулі без зменаў

Цяпер праваабаронцы паведамілі, што Вольга ўжо знаходзіцца ў гомельскай жаночай калоніі № 4.
Нагадаем, Вольгу Томіну затрымалі на падставе даносаў 9 сакавіка. Абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту 2020 года — фота і відэа з мітынгаў знайшлі ў яе тэлефоне.
26 траўня ў судзе Ленінскага раёна Мінска палітзняволеную асудзілі да двух гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Справу разглядала суддзя Юлія Шут.

Падчас затрымання Вольга казала, што хадзіла на мітынгі дзеля праўды, бо ёй было крыўдна, што збіваюць людзей.
У Вольгі трое дзяцей: дочкам 13 гадоў, сыну — 11.
Вольга Томіна заснавала студыі і школы макіяжу ANATOMIA, яе майстар-класы праходзілі па ўсім свеце, а ў Instagram на яе падпісаныя больш за паўмільёна чалавек.
Дасылаць лісты Вользе можна цяпер на адрас: ПК № 4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, Вольга Аляксандраўна Томіна