Святар: У Беларусі толькі 1% праваслаўных
73 % беларусаў называюць сябе праваслаўнымі хрысціянамі, 12% ― католікамі, але пры гэтым кажуць, што вераць у Бога менш за 60% жыхароў
Размаўляючы 28 верасня з чальцамі Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў арганізаваць у Мінску спатканне Папы Рымскага і патрыярха Кірыла.
Безумоўна, гэта стала б гучнай падзеяй. Але больш значнай у палітычным плане ці рэлігійным?
Паводле сёлетняга апытання цэнтру «Pewresearch», 73 % беларусаў называюць сябе праваслаўнымі хрысціянамі, а 12% ― католікамі, але пры гэтым кажуць, што вераць у Бога менш за 60% жыхароў нашай краіны.
Святар Беларускай праваслаўнай царквы Аляксандр Шрамко наагул заяўляе, што ў Беларусі сапраўды праваслаўнымі можна лічыць не больш за 1% насельніцтва.
«Часта чалавек раз на год ідзе да царквы — асвяціць куліч на Вялікдзень. Нават у храм не заходзіць. Іншая справа — калі чалавек як хрысціянін кожную нядзелю абавязкова ходзіць у храм. І калі так прыкінуць, то ў нашых храмах больш за 1% фізічна не змесціцца. Насамрэч храмаў вельмі мала», — кажа святар.
Праз невялікі адсотак сапраўдных вернікаў царква не можа несці вялікую адказнасць за тое, што адбываецца ў краіне, зазначае ён. Але ж за дзеянні святароў, якія спрыяюць, напрыклад, завабліванню падлеткаў у шавіністычныя лагеры, — нясе.
У «Размове дня» з Уладзімірам Мацкевічам Аляксандр Шрамко таксама разважае пра тое, што
«царква не павінна бяздумна падпяваць дзяржаве», і расказвае пра забарону
прадаваць чарнасоценскую літаратуру ў
праваслаўных крамах.