ТБМ звяртаецца да Сходу
ТБМ звярнулася да экс-кіраўніка Купалаўскага тэатра Генадзя Давыдзькі з просьбай агучыць на Усебеларускім сходзе зварот да яго ўдзельнікаў. У ім заклікаецца тэрмінова прыняць закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.
ТБМ звярнулася да экс-кіраўніка Купалаўскага тэатра Генадзя Давыдзькі з просьбай агучыць на Усебеларускім сходзе зварот да яго ўдзельнікаў. У ім заклікаецца тэрмінова прыняць закон аб
дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.
Генадзь Давыдзька з’яўляецца зараз даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі і ўдзельнікам IV Усебеларускага сходу. “Мы ведаем яго і як прыхільніка беларускай мовы, — сказала
намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім. — Шмат гадоў ён працаваў у тэатры імя Янкі Купалы, які ставіць п’есы на беларускай мове. Яго прафесійная дзейнасць
наўпрост была звязана з беларускай мовай. Спадзяемся, што гэта паслужыць для яго дадатковым чыннікам нас падтрымаць.
ТБМ накіравала Давыдзьку электронны ліст з просьбай агучыць зварот. У ім Рада ТБМ адзначае, што ў выніку дзяржаўнай палітыкі на працягу апошніх 16 гадоў беларуская мова выцесненая з афіцыйнай сферы
ўжытку. Крытычна скарацілася колькасць беларускіх школаў, беларуская мова так і не з’явілася ў сістэме вышэйшай адукацыі. А колькасць людзей, як размаўляюць па-беларуску, зменшылася згодна
дадзеных перапісу 2009 года на 1 мільён чалавек.
Да ўдзельнікаў Усебеларускага сходу ТБМ звяртаецца з прапановай “неадкладна прыняць практычныя захады па забеспячэнні беларускай мове яе статусу дзяржаўнай мовы тытульнай нацыі.
“Для гэтага лічым неабходным тэрмінова прыняць закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы і аб’явіць наступны год Годам беларускай мовы, — заклікае ТБМ.
Тэкст звароту накіраваны і сустаршыням сходу — прэм’еру-міністру Сяргею Сідорскаму і кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміру Макею. Ім таксама прапанавана азнаёміць са
зваротам дэлегатаў сходу. “Мы даем шанец кожнаму з іх праявіць сябе як сапраўдных грамадзян Беларусі, — зазначыла Алена Анісім.