У Беларусі пачаў працаваць «Зялёны тэлефон»

«Інфалінія для тых, хто гатовы вырашаць экалагічныя праблемы самастойна». З такім дэвізам стартаваў новы праект Таварыства «Зялёная сетка» — «Зялёны тэлефон».

afisha_gorizont_1.jpg


Як тлумачаць арганізатары праекта: «Аператары «зялёнага тэлефона» фіксуюць кожны зварот, збіраюць кантактную інфармацыю і кансультуюць, якія дзеянні трэба распачаць для вырашэння канкрэтнага пытання. Затым на іх аснове будзе складзены алгарытм дзеянняў, які зможа ўжывацца ў аналагічных сітуацыях.
У першы дзень працы «зялёнага тэлефона» да аператараў звярталіся з пытаннямі самаа рознага кшталту. Напрыклад, скардзіліся, што дворнікі збіраюць лісце ў кантэйнеры для збору пластыка, хваляваліся за лёс рэдкіх лясных птушак і раслін у сувязі з падазроным будаўніцтвам, непакоіліся, што рабіць, каб беспрытульныя кацяняты, якія жывуць у пад'ездзе, не сталі прычынай хваробы хатняга сабакі, абураліся фактам паркоўкі аўтамабіляў на зялёнай зоне і нават цікавіліся, як зарганізаваць велапаркоўку.
У першы дзень побач з аператарамі «зялёнага тэлефона» знаходзілася юрыст Таварыства «Зялёная сетка» Таццяна Сініца:
— Усе нашы аператары прайшлі спецыяльнае навучанне. У праграму ўваходзілі і пытанні камунікацыі, і прававыя аспекты выкарыстання афіцыйнай інфармацыі, і магчымасці ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі, і як пісьменна выкарыстоўваць інструменты вырашэння экалагічных задач.
— Функцыя аператараў — толькі слухаць і даваць парады, куды і як звярнуцца?
— Не, не толькі. Парады і рэкамендацыі патрэбныя ў асноўным тым, хто жадае сам вырашаць узніклую праблему, але не ведае як. Але калі праблема такая, што ў адзіночку яе не вырашыць, то нашы спецыялісты і калегі з іншых арганізацый дапамогуць не толькі парадай, але і акажуць практычную дапамогу. Бо «Зялёная сетка» - гэта супольнасць з 15 экалагічных арганізацый, актывістаў, ініцыятыў, экспертаў, якія аб'ядналіся, каб разам вырашаць праблемы. Так што званок на гарачую лінію «зялёнага тэлефона» можа стаць пачаткам для тых, хто вырашыў не маўчаць, а дзейнічаць. І мы ім заўсёды дапаможам.
Пакуль гарачы тэлефон +375 29 170 26 70 працуе адзін раз у тыдзень: у сераду з 10.00 да 18.00, але ўжо ў лістападзе выйдзе на рэжым трох дзён у тыдзень. 
Паводле greenbelarus.info