Больш за 150 краін дамовіліся скараціць выкіды парніковых газаў з кандыцыянераў
Больш за 150 краін дамовіліся скараціць выкарыстанне гідрафторвугляродаў, негатыўны ўплыў якіх на клімат, як мяркуецца, у некалькі тысяч разоў горшы, чым дыяксід вугляроду.
Гідрафторвугляроды выкарыстоўваюцца ў асноўным пры вытворчасці халадзільнікаў і кандыцыянераў. Аб'ёмы выкідаў гэтых рэчываў адносна невялікія, але яны могуць заставацца ў атмасферы на сотні гадоў, «замыкаючы» цяпло ўнутры атмасферы.
Дамоўленасць аб скарачэнні выкарыстання гідрафторвугляродаў дасягнутая ў сталіцы Руанды — Кігалі. Згодна з угодай, усе краіны падзяляюцца на тры групы.
Першая група ўключае развітыя краіны, у тым ліку ЗША і большасць еўрапейскіх дзяржаў. Яны павінны скараціць выкарыстанне гідрафторвугляродаў на 10% да 2019 года і на 85% — да 2036 годзе.
Другая і трэцяя групы краін, якія развіваюцца, перастануць нарошчваць выкарыстанне гідрафторвугляродаў да 2024 і 2028 гадах адпаведна. Пасля гэтага яны пачнуць скарачаць аб'ёмы выкарыстання гэтых шкодных рэчываў.
Вытворцы халадзільнікаў і кандыцыянераў пачалі выкарыстоўваць гідрафторвугляроды пасля таго, як былі забароненыя хлорфторвугляроды.
Гэтыя рэчывы разбуралі азонавы пласт, і іх вырашылі замяніць на гідрафторвугляроды. Замена спрацавала, але пазней высветлілася, што гідрафторвугляроды затрымліваюць цяпло ў атмасферы ў некалькі тысяч разоў больш эфектыўна, чым дыяксід вугляроду.
Выкіды гідрафторвугляродаў невялікія, але стабільна растуць на 10-15% у год, бо попыт на кандыцыянеры павялічваецца, асабліва ў краінах, якія развіваюцца.
Дзяржсакратар ЗША Джон Керы назваў дасягнутае ў Кігалі пагадненне «гіганцкім крокам наперад».
Паводле рускай службы Бі-бі-сі, «Нашай Нівы»