У Беларусі ствараюць базу «дэструктыўных»?
Што азначае ўзмоцнены кантроль на мяжы і навошта ў людзей пытаюць «карты побыту», тлумачаць праваабаронцы.
На беларускай мяжы да актывістаў заўсёды была пільная ўвага. Пасля пашпартнага кантролю ім маглі зладзіць поўны дагляд рэчаў і дапытаць. Пасля стварэння базы «Беспарадкі», куды трапляюць людзі, якія пераследуюцца сілавікамі за іх пазіцыю, сітуацыя значна пагоршылася, пішуць праваабаронцы.
Цяпер на мяжы дзейнічае выбарачная праверка: калі чалавек раней «засвяціўся», яго адводзяць убок, ладзяць дагляд, правяраюць тэлефон, дапытваюць. Калі ў тэлефоне знойдуць «экстрэмісцкія» рэпосты або падпіскі, фота ці відэа з пратэстаў, бел-чырвона-белую сімволіку, то яго здымаюць з аўтобуса, надзяваюць кайданкі і адвозяць у ІЧУ.
Паводле звестак Памежнага камітэта, пры ўездзе ў Беларусь летась затрымана 52 чалавекі за «экстрэмізм». Пры гэтым паводле інфармацыі праваабаронцаў, усяго за 2022 год і пачатак 2023-га было затрымана не менш за 58 беларусаў, але лічба працягвае расці.
26 лютага на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах была здзейсненая дыверсія, у якой, на думку сілавых структур Беларусі, бралі ўдзел спецслужбы Украіны, а дрон, які выкарыстоўваўся пры дыверсіі, спрабавалі даставіць у Беларусь з Еўропы. Пасля гэтага праверкі на мяжы ўзмацніліся. Паводле слоў беларусаў, якія вяртаюцца ў краіну, допыты цяпер праводзяць супрацоўнікі спецслужбаў у цывільным.
«Пытанні таксама былі асабіста для мяне незразумелымі — ці ёсць у мяне ў тэлефоне Signal і Telеgram, што я рабіла ва Украіне 2,5 гады таму (гэта мая радзіма — я нарадзілася і вырасла ў Роўне), ці павінна я камусьці перадаць грошы ў Беларусі, з кім я сустракалася за мяжой, што я гаварыла пра Беларусь, ці прыцягвалася я паліцыяй за мяжой, ці прыцягвалася я ў Беларусі, дзе я працую... Цалкам натуральна, што з майго боку большасць адказаў былі прыкладна як у міліцыі ў судах — "не памятаю" ці "не". Усяго ж допыт заняў прыкладна 1,5 гадзіны!» — падзялілася ў Фэйсбуку сваім досведам актывістка Таццяна.
Вядома, што дапытваюць грамадзян Украіны, а таксама людзей, якія раней ездзілі ва Украіну ці былі з ёй неяк звязаныя. Паводле інфармацыі «Л*стэрка», супрацоўнікі задаюць пытанні пра стаўленне да вайны ва Украіне, наяўнасць сваякоў ва УСУ і магчымыя кантакты з замежнымі спецслужбамі.
Пры праверцы тэлефона сілавікі звяртаюць увагу на наяўнасць Telegram і Signal, глядзяць кантакты, правяраюць перапіскі.
Акрамя гэтага, з'явілася і новая практыка: супрацоўнікі памежнага перахода просяць прад'явіць віды на жыхарства іншых краін, пасля чаго фатаграфуюць і скануюць.
«На пашпартным кантролі з боку Беларусі строга папрасілі паказаць "карту побыту". Я пачаў паказваць са сваіх рук, але супрацоўніца пашпартнага кантролю рэзка вырвала яе і паклала на сканер. Пасля гэтага ВНЖ мне вярнулі і паклікалі наступнага. Але мне так ніхто і не патлумачыў, для чаго ім спатрэбіўся дакумент. На пытанне "Навошта?" адказалі маўчаннем», — падзяліліся відавочцы з "Л*стэркам".
Наяўнасць гэтага дакумента часта становіцца падставай для далейшага ўзмоцненага дагляду і допыту. Пры гэтым супрацоўнікі не называюць прававых падстаў для гэтай працэдуры і адмаўляюцца тлумачыць, на падставе якіх дакументаў адбываецца гэтая працэдура.
Як гэта пракаментавалі ў КДБ?
Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель 1 чэрвеня патлумачыў прычыны ўзмацнення кантролю на знешняй мяжы Беларусі. Паводле яго слоў, раней ён ужо анансаваў намер прыняць дадатковыя меры па ўзмацненні контрвыведвальнага рэжыму на тэрыторыі Беларусі.
«Гэтая мера рэалізуецца цяпер па ўсім перыметры нашай мяжы. Яна накіравана на своечасовае выяўленне і лакалізацыю дзейнасці асоб, якія выношваюць тэрарыстычныя, экстрэмісцкія памкненні ў дачыненні да Беларусі», — сказаў Церцель.
Ён адзначыў, што КДБ атрымлівае інфармацыю пра наяўнасць рэальных планаў сярод асоб з баявых груп, сфармаваных на тэрыторыі Украіны, Польшчы, Літвы, Чэхіі, некаторых іншых краін, аб здзяйсненні тэрактаў у Беларусі:
«Вось гэты бар'ер (узмоцнены кантроль на мяжы) — гэта толькі адзін са складнікаў, які дазваляе нам ажыццяўляць пэўную фільтрацыю гэтага кантынгенту і не дапускаць на нашу тэрыторыю».
У размове Церцель згадаў і пра «адзін з прыкладаў апошняга часу — прадухіленне спробы тэракту да 9 траўня, калі ў Беларусь пад выглядам бытавой тэхнікі накіроўваліся выбуховыя рэчывы».
«Як відаць, цяпер ідзе стварэнне і напаўненне базы грамадзян»
Юрыст «В*сны» пракаментаваў новую практыку на беларускай мяжы:
«Сканаванне і фатаграфаванне віду на жыхарства грамадзян Беларусі, якія ўязджаюць у краіну, з'яўляецца абмежаваннем правоў. Пашпарт з'яўляецца дакументам, па якім чалавек перасякае мяжу. Патрабаванне прад'явіць для сканавання іншыя дакументы, якія сведчаць пра права на пражыванне ў іншай дзяржаве без законных падстаў і тлумачэння мэтаў, з'яўляецца ўмяшаннем дзяржавы, таму што яно адбываецца па-за прававымі падставамі.
На дадзены момант няма аніякай канкрэтыкі пра мэты дадзеных абмежаванняў, таму мы можам толькі меркаваць, дзе гэтыя звесткі будуць выкарыстоўвацца. Але ўжо цяпер з упэўненасцю можна сказаць, што гэтая ініцыятыва ідзе з самых вярхоў беларускай улады як рэакцыя на актыўную пазіцыю беларусаў замежжа, вымушаных эміграваць пасля падзей 2020 года.
Пачатак гэтай ініцыятывы быў пакладзены ў сярэдзіне мінулага года разам з такой ініцыятывай, як пазбаўленне беларусаў грамадзянства па нараджэнні, калі Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што "трэба яшчэ раз паглядзець на тых, хто, выехаўшы за мяжу, дзейнічае на шкоду дзяржаве і народу, здзяйсняючы злачынствы. Такія вядомыя, усе да адзінага. Мы іх ведаем. Ці вартыя гэтыя людзі заставацца грамадзянамі Беларусі, калі яны збеглі з роднай краіны і фактычна разарвалі з ёй сувязь».
Акрамя пазбаўлення грамадзянства тут могуць рэалізоўвацца самыя розныя падыходы. Хутчэй за ўсё, гэта будзе адміністрацыйная адказнасць у дачыненні да тых, хто не падаў інфармацыю ў МУС аб атрыманні віду на жыхарства ў іншай дзяржаве. Верагодна, цяпер ідзе стварэнне і напаўненне базы такіх грамадзян. Таму не выключана, што ў найбліжэйшай будучыні мы ўбачым новыя нарматворчыя ініцыятывы беларускіх парламентарыяў. Тых, хто ўязджаюць і выязджаюць па заканчэнні вызначанага тэрміну, будуць штрафаваць, папаўняючы тым самым рэспубліканскі бюджэт.
Крыўда, якой суправаджаецца рыторыка ўладаў пра тое, што грамадзян, якія з'ехалі, неабходна "прыструніць", сведчыць аб тым, што на практыцы ўлады паспрабуюць базы з такімі грамадзянамі выкарыстоўваць для таго, каб пазбавіць іх бясплатнай медыцыны, павысіць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі.
Напярэдадні дзвюх электаральных кампаній ад уладаў яшчэ можна чакаць таго, што кагосьці з тых, хто прыехаў у Беларусь з замежным відам на жыхарства, могуць выкарыстоўваць праваахоўныя органы і прапагандысты ў сюжэтах, дзе будуць расказваць, што яны ва ўсім вінаватыя і ехалі з мэтай дэстабілізацыі грамадска-палітычнага становішча. На жаль, улады не хочуць прызнаваць тое, што рэалізацыя асноўных правоў на свабоднае выказванне меркавання і на мірныя сходы ў суседніх краінах не ўспрымаецца дэмакратычнымі ўрадамі як дэструктыўная».