У Беларусі заблакавалі change.org і petitions.by

Рэсурсы сталі недаступныя на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі. Адпаведнае паведамленне з'яўляецца пры спробе зайсці на сайты, піша Свабода.

ekranny_zdymak_z_2021_08_07_12_17_29.png

Платформа petitions.by пачала працу ўвосень 2015 году. Як казаў стваральнік праекту Уладзімір Кавалкін, галоўная яго мэта — заахвоціць грамадзян да ўдзелу ў вырашэнні мясцовых праблемаў, павысіць адказнасць органаў улады перад грамадзянамі і паспрыяць развіццю адкрытага дыялогу паміж грамадзянамі і ўладамі ўсіх узроўняў.
Петыцыі на сайце ствараюцца ў адпаведнасці з законам аб зваротах грамадзян. Падпісанты падаюць свае сапраўдныя звесткі, а чыноўнікі абавязаныя адказваць на петыцыі як на калектыўны зварот.
Сёлета ў лютым на сайце больш за 103 тысячы чалавек падпісаліся пад зваротам супраць прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім і за прызнанне яго гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
У сакавіку сайт на кароткі час узламалі.
Адміністратараў сайту пасля выбараў не раз затрымлівалі і забіралі тэхніку, паведамляла каманда petitions.by.
Chnge.org — міжнародная платформа для збору подпісаў. З юрыдычнага гледзішча подпісы пад петыцыямі на change.org не абавязваюць беларускіх чыноўнікаў разглядаць зварот і даваць на яго адказ. Тым не менш там таксама збіраліся подпісы пад гучнымі петыцыямі. Сёлета амаль 84 тысячы падпісантаў патрабавалі ад кіраўніцтва кампаніі Yara разарваць кантракт з «Беларуськаліем».