У Брэсце ўлады спрабуюць засакрэціць колькасць выбаршчыкаў

Колькасць выбаршчыкаў на акрузе брэсцкага гарадскога каардынатара Руху «За Свабоду», кандыдата Дзяніса Турчаняка за чатыры гады скарацілася на 719 чалавек. Калі ён паспрабаваў разабрацца, як гэта адбылося, улады адмовіліся прадастаўляць яму інфармацыю.

76ac1b6d_330c_4204_84f9_abc99675e39d_w1023_r1_s.jpg

«Перадумовай для сумневаў паслужыла тое, што колькасць выбаршчыкаў на маім участку склала 5616 чалавек, а на мінулых выбарах было на 719 чалавек больш. Я паспрабаваў разабрацца, чаму стала менш амаль на 11%», — распавёў Дзяніс Турчаняк.
Паводле яго слоў, па выніках перапіскі з адміністрацыяй і выбаркамам стала вядома, што ў працэсе змены акругаў 9 дамоў выключылі, 11 дадалі. «Мне пацвердзілі, што 9 дамоў з іх не існавала і не існуюць, рэальна дадалі два дамы па вуліцы Гогаля. Я пагутарыў са старшынямі кааператываў, гэта вялікія дамы, дзе жывуць больш за 300 чалавек. Як магла зменшыцца колькасць выбаршчыкаў на 719 чалавек?» — спытаў гарадскі каардынатар Руху за свабоду.
Ён звярнуўся са скаргамі, дзе прасіў удакладніць, якія дамы патрапілі ў межы акругі.
«Скаргі былі разгледжаны на пасяджэнні брэсцкай абласной камісіі, у межы акругі былі ўнесены змены: дадалі яшчэ два дамы, але што цікава, колькасць выбаршчыкаў засталася ранейшай — 5616», — адзначыў кандыдат у дэпутаты
Актывіст Руху «За Свабоду» звярнуўся спачатку ў гарвыканкам, а затым у выбарчыя камісіі, дзе прасіў паказаць колькасць выбаршчыкаў у кожным доме на акрузе, і адкуль дадзеныя пра колькасць выбаршчыкаў былі атрыманы. Чыноўнікі адмовіліся прадастаўляць гэтыя дадзеныя, фактычна засакрэціўшы дадзеныя.
Спаслаўшыся на правы, замацаваныя ў Канстытуцыі і Выбарчым кодэксе, кандыдат у Брэсцкі гарсавет звярнуўся ў суд.
«Скаргі не задаволілі, дасудовы парадак я прайшоў, цяпер буду абскарджваць адмову паведаміць колькасць выбаршчыкаў у судзе», — заявіў Турчаняк.


Кандыдат у дэпутаты лічыць падобную сітуацыю падрыхтоўкай да фальсіфікацый і завышэння яўкі на мясцовых выбарах — усяго ў Брэсце «зніклі» каля 47 тысяч выбаршчыкаў. «Вялікая колькасць грамадзян, якія маюць права голасу, наўмысна не ўносяцца ў асноўныя спісы. Па Брэсце такіх каля 20%. Мне не даюць лічбы, каб я не мог гэтага даказаць», — растлумачыў палітык.
Ён растлумачыў, што калі чалавек не трапляе ў асноўны спіс, яго ўносяць толькі ў дадатковы, калі ён даходзіць да ўчастка. А калі не, то і зусім не ўлічваюць. «Такія маніпуляцыі ўладаў толькі пацвярджаюць адсутнасць у Беларусі сапраўдных дэмакратычных выбараў», — сказаў на заканчэнне кандыдат у дэпутаты.