У Берасці ў зазор паміж вагонам і перонам падаюць людзі. Да суду давёў справу толькі адзін
Але беларуская чыгунка выбачацца перад ім не збіраецца.
У ліпені 2016 года Раман Бурэнка ўпаў у зазор паміж вагонам і перонам на берасцейскім вакзале.
У выніку падзення Раман атрымаў чэрапна-мазгавую траўму і раны канцавінаў. Мужчына ўжо паўтары гады дабіваецца справядлівасці.
«Спачатку я звярнуўся ў раённы суд Ленінскага раёну Берасця, і падаў позву супраць беларускай чыгункі, для кампенсацыі маральнай шкоды, выдаткаў на лячэнне, на экспертызу, за пашкоджанне маёмасці пры падзенні на станцыі Берасце-Цэнтральны 14 ліпеня 2016 года. Справу разглядала суддзя Алена Кавальчук, да разгляду яна падышла вельмі фармальна: не задавала пытанні адказчыку, яе не цікавілі, да прыкладу, шматлікія парушэнні, якія мелі месца і былі мной расследаваныя і даказаныя, суддзя адмовіла мне па ўсіх пунктах», – распавядае пацярпелы.
Нягледзячы на колькасць доказаў, суд нічога не хоча чуць і займае бок дзяржаўнай арганізацыі.
«Я звярнуўся з касацыйнай скаргай у Берасцейскі абласны суд, дзе гэтак жа ўказаў на ўсе парушэнні. Да прыкладу, парушэнне габарыту будынкаў, паказаў, што прыступкі ў дызель цягніку не адпавядаюць санітарным нормам: яны не дзіркаватыя, не прапускаюць бруд і ваду. На відэа бачна, што я паслізнуўся і ўпаў – чыгунка не забяспечыла бяспечныя ўмовы перавозкі, – распавёў Раман Бурэнка «Белсату». – Але Берасцейскі абласны суд мне таксама адмовіў па ўсіх пунктах. Пры гэтым у судовай калегіі запыталіся ў прадстаўніка чыгункі ці не хочуць яны выбачацца перад пасажырам за створаныя нязручнасці. Але прадстаўнік адказчыка заявіў, што яны не збіраюцца выбачацца».
Раман Бурэнка кажа, што мае намер звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН.
За апошнія паўтары гады на цэнтральным вакзале Берасця ў зазор паміж вагонам і перонам звалілася больш за дзесяць чалавек, але ніхто з іх не меў прэтэнзіяў да чыгункі.
Паводле belsat.eu