У Мінску маліліся за ахвяры Катыні
Імша за ахвяры катынскай расправы адбылася ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.
![Імша за ахвяр Катыньскай трагедыі ў Мінску. Фота Włodzimierz Pac/Polskie Radio Імша за ахвяр Катыньскай трагедыі ў Мінску. Фота Włodzimierz Pac/Polskie Radio](/img/v1/images/imsza_u_katedry.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Імша за ахвяр Катыньскай трагедыі ў Мінску. Фота Włodzimierz Pac/Polskie Radio
Яна была прысвечана 80-й гадавіне са дня падпісання Сталіным загаду аб забойстве польскіх ваеннапалонных.
Пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі ў інтэрвʼю Польскаму радыё адзначыў, што ў імшы прынялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, польскай абшчыны, праваслаўнай царквы і яўрэйскай і мусульманскай абшчын.
— Мы ўсе былі сёння разам на гэтай малітве ў мінскай катэдры, молячыся за ахвяры катынскага генацыду.
Святую Імшу адправіў дапаможны біскуп Мінскай дыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які асвяціў абраз Маці Божай Катынскай, што застанецца ў саборы.
— Няхай гэтая ікона будзе для нас бачным знакам прысутнасці Бога ў нашым жыцці. Найсвяцейшая Маці заўсёды з намі, заўсёды туліць нас да свайго сэрца, калі нам кепска і складана.
Касцёльную цырымонію ўпрыгожыў сваім выступам хор «Паланез», які дзейнічае пры Саюзе палякаў Беларусі.