У Мінску з'явіцца вуліца Алеся Дудара
Сталічныя ўлады назвалі вуліцы імёнамі міністра ўраду БНР, дыверсанта НКВД і расстралянага паэта, паведамляе Радыё Свабода.
Мінскі гарадскі савет дэпутатаў пастанавіў надаць назвы некаторым часткам Мінска, дзе маюць з'явіцца новыя вуліцы і паркі.
Праектаваную вуліцу ў межах Партызанскага праспекта, вуліц Куляшова і Шышкіна назвалі імем савецкага памежніка, дыверсанта НКВД і кіраўніка выведнага аддзелу КДБ Яўгена Міркоўскага.
Праектаваную вуліцу між вуліцамі Янкі Лучыны і Чыжэўскіх – імем беларускага навукоўца, аднаго з заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі, міністра сельскай гаспадаркі БНР Аркадзя Смоліча, расстралянага бальшавікамі ў 1938 годзе.
Праектаваную вуліцу ад Ігуменскага тракта да вуліцы Чыжэўскіх – імем беларускага савецкага кампазітара Уладзіміра Алоўнікава.
Праектаваную вуліцу ад Ігуменскага тракта да вуліцы Смоліча – імем беларускага паэта Алеся Дудара, расстралянага бальшавікамі ў 1937 годзе.
Пешаходную зону ад Свята-Духавага кафедральнага сабора да вуліцы Багдановіча – Казьма-Дзям'янаўскім спускам.
Парк між вуліцамі Пляханава, Ванеева і Райніса – імем кіргізскага пісьменніка Чынгіза Айматава.
Парк між вуліцай Даўгабродскай, завулкам Казлова і Сляпянкай – імем дыпламата і былога старшыні Мінгарвыканкама Аляксандра Герасіменкі.
Даследчыца жыцця і творчасці Алеся Дудара, настаўніца Ганна Севярынец казала Свабодзе, што з Дударом амаль адгадалі: цалкам магчыма, што ён хацеў завулак свайго імя. Але Дудар, кажа яна, жыў не ў тым раёне, дзе яго імем назавуць вуліцу: не ў Лошыцы, а на вуліцы Правадной, што паблізу Інстытута культуры.