Пры падтрымцы velcom у Мінску правядуць бясплатныя экскурсіі па кнізе «Радзіва Прудок»
16 і 17 чэрвеня ў Мінску пройдуць бясплатныя экскурсіі «Горад Горвата», якія дадуць усім жадаючым магчымасць пабачыць сталіцу вачыма аўтара беларускага бестсэлера «Радзіва «Прудок». Іх запуск прысвечаны нядаўняй прэм’еры аднайменнага спектакля Рамана Падалякі па кнізе Андруся Горвата ў Купалаўскім тэатры. Арганізатары шпацыраў — кампанія velcom і праект «15:15».
Літаратурная экскурсія будзе ўключаць у сябе месцы, якія Горват узгадвае ў сваёй кнізе: удзельнікі даведаюцца, як адбылося знаёмства Горвата і Падалякі, чаму варта наведаць Верхні горад, дзе прадаюць лепшыя кнігі і чаму аўтар «Радзіва» так любіць універсам «Цэнтральны». Адной са знакавых кропак маршрута стане Купалаўскі тэатр: менавіта тут пачалася гісторыя Горвата, якая пасля працягнула сваё жыццё ў кнізе і ў спектаклі — стваральнік пастаноўкі Раман Падаляка часта ўзгадвае, як бачыў Горвата за працай у малінавых бруках.
Значную ролю як у стварэнні пастаноўкі, так і ў рэалізацыі экскурсіі грае кампанія velcom. У 2016 годзе кніга Андруся Горвата стала часткай праекта MOVABOX, а ў 2017 годзе Раман Падаляка прыняў удзел у фестывалі мабільнага кіно velcom Smartfilm з фільмам «Ягор», знятым паводле ўрыўка з твора. Цяпер velcom — генеральны партнёр спектакля «Радзіва «Прудок» і літаратурнай экскурсіі «Горад Горвата».
«velcom ужо шмат часу займаецца падтрымкай праектаў у сферы беларускай мовы і культуры. Поспех кнігі «Радзіва «Прудок» — гэта натхняючы прыклад прасоўвання сучаснай беларускай літаратуры. Мы таксама з радасцю працягваем супрацоўніцтва з Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы, які ператварыў кнігу Андруся Горвата ў яскравы і самабытны спектакль. Cпадзяёмся, што экскурсія «Горад Горвата» прыдасць дадатковае вымярэнне гэтай гісторыі», — каментуе начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Мікалай Брэдзелеў.
Экскурсію правядуць сертыфікаваныя гіды праекта «15:15», які займаецца распрацоўкай аўтарскіх экскурсій на рускай мове ў гарадах па ўсяму свету. Пачнецца шпацыр там жа, дзе і стандартная экскурсія «Мінск у 15:15», — на ўваходзе ў Цэнтральны чыгуначны вакзал. Маршрут будзе праходзіць па вуліцах горада, па якіх любіў гуляць цяпер самы вядомы дворнік Мінска: праспект Незалежнасці, вуліцы Карла Маркса і Энгельса.
«У кожнага з нас ёсць месца, якое ён шануе, дзе жыве, з якім звязана шмат успамінаў. Для Андруся такое месца — гэта Прудок, але значная частка яго жыцця звязана з Мінскам, з Купалаўскім тэатрам. Гэтая экскурсія дае магчымасць адчуць горад любімым і жывым, убачыць яго розным, такім, як бачыць яго Андрусь Горват. Да таго ж, вельмі цікава, што праект развіваецца менавіта ў гэты бок, становіцца інтэрактыўным. Магчыма, кагосьці гэта экскурсія прывядзе ў тэатр, на спектакль «Радзіва «Прудок», — разважае режысёр спектакля Раман Падаляка.
Дзве бясплатныя экскурсіі прайдуць на выхадных, 16-17 чэрвеня. Звяртаем увагу, што колькасць месцаў абмежаваная, таму неабходна рэгістрацыя. Запісацца на экскурсію можна па спасылцы.